Поспех і неразуменне The UNB

На Першамай піўны гурт The UNB не здолеў “раскачаць” піўны клуб “Jolly Roger”. Мараль такая: у чужую карчму са сваёй "Тайной пива" не хадзі! The UNB — гурт месца. І месца гэтае — паб-клуб “Графіці”. На яго вельмі сціплых квадратных метрах гледачоў ахоплівае такая еднасць з музыкамі, што пасля ў галаве на некалькі тыдняў селяцца не тараканы, а... Так-так, тыя самыя хрушчы, пра якіх вядзецца ў самай архітыповай баладзе Дольніка:

“Я телеграмму отбиваю:
“Встречайте, буду без вещей!”
Я вам один концерт сыграю,
Я вам спою про хрущей!!!”





Першамай — самы час вытрасаць запалкі з карабка. Неба гудзе! З кегаў льецца ракою, за столікамі няма вольнага месца... Але людзі ледзь разварушваюцца пад заканчэнне канцэрта. Чаму ж публіка, што сабралася ў клубе “Jolly Roger”, 1 траўня не здолела разгадаць таямніцу піва?

“Тайна пива покрыта кромешною мглой,
Тайна пива проколота ржавой иглой,
Тайну пива уносят с собой поезда,
Тайна пива останется тайной всегда…”



Непасрэдна за мной знаходзіцца герой і адначасова прычына дзіцячых кашмараў — Дзмітрый Алейнікаў!



Нарэшце, жывая... Яшчэ пакуль што... Карацей, згустак цынізму і ляноты — Андрэй Гінзбург!”



Чалавек, раней вядомы як Фёдар: “Мастацкі кіраўнік аркестра The UNB, Дольнік!”



Дольнік: “Во, добра! Значыць, сёння ганарар усё ж дзелім. А не як заўжды...”

На кожным канцэрце The UNB граюць правераныя часам і клубам “Графіці” хіты. Урэшце, на “Реки обезьяньих слёз”, “Элен Полиэтилен”, “Голеностоп”, “Логопед”, “Зигмунд спит в гараже” і іншае “выбранае” і ходзіць публіка. Новай праграмы ад гурта не чакаюць. У першую чаргу таму, што яна непазбежна прайграе таму, што ў The UNB ёсць зараз. Крызіс піўнога рока — вось пра што баліць галава ў Дольніка і яго каманды...

“Будь я ядовитым кротом,
Я бы вряд ли думал о том,
Сколько мне осталось
Побеждать усталость
И вообще что потом”.





Тым не менш, гурт The UNB любяць. На кожным канцэрце сустракаеш шмат незнаёмых твараў — але і знаёмых таксама шмат. Піўны рок — абсурдны і выкшталцоны, наіўны і нахабісты — стаў ў музычным жыцці Мінска з’явай. Няхай для тых нешматлікіх людзей, галовы якіх працуюць прыкладна так жа, як у Дольніка і музыкаў The UNB. Але такое ўздзеянне на публіку — вельмі чыстае і трапнае. Застаецца толькі пажадаць, каб The UNB ніколі не імкнуліся зрабіцца гуртом для мільёнаў.

Бо іх непасрэдная інтымнасць і ёсць іх галоўная зброя і галоўная таямніца.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі