Польскі эксперт: Часам апазіцыя перабольшвае значэнне Беларусі для ЕС

Спецыяліст па Беларусі Цэнтра ўсходніх даследаванняў Каміль Клысіньскі адказаў на актуальныя пытанні адносін нашай краіны з Еўрасаюзам.

Еўрарадыё: Як Вы мяркуеце, чаму Беларусь прыняла рашэнне не адпраўляць на Саміт Сяргея Мартынава, але абмежавалася ўдзелам амбасадара?

Каміль Клысіньскі: Гэта чарговы доказ, што самі беларускія ўлады ідуць на ізаляцыю, усё большую ізаляцыю пасля 19 снежня. Яны самі звужаюць магчымасці кантактаў з Еўрасаюзам. Прыезд старшыні МЗС у Варшаву быў бы добрай магчымасцю паразмаўляць з еўрапейскімі палітыкамі, якія прыбылі на Саміт. Але жадання дыялогу не бачна.

Еўрарадыё: Можа, беларускія ўлады чакалі нейкага пазітыўнага кроку з боку ЕС пасля таго, як вызвалілі частку палітычных зняволеных?

Каміль Клысіньскі: Умова ЕС агульнавядомая — вызваленне ўсіх палітычных зняволеных і іх рэабілітацыя. Пакуль усіх не вызваляць, то сур'ёзных зменаў не будзе. Яшчэ раз скажу, што прыезд Мартынава, які цудоўна валодае англійскай мовай, быў бы добрай магчымасцю для Беларусі камунікацыі з еўрапейскімі палітыкамі.

Еўрарадыё: Наколькі шырока на Саміце будзе абмяркоўвацца тэма Беларусі?

Каміль Клысіньскі:  Гэтая тэма, безумоўна, важная і абмяркоўвацца будзе. Але часам беларуская апазіцыя перабольшвае значэнне Беларусі для Еўрасаюза. Гэта — не пытанне жыцця і смерці для Бруселя. Але ў ЕС ёсць свае прынцыпы — вызваленне і рэабілітацыя палітычных зняволеных.

Будуць абмяркоўваць пытанні, як рэагаваць на тое, што адбываецца ў Беларусі. Апрача санкцый і крытыкі Мінска самае важнае пытанне таксама — што можна прапанаваць Беларусі, калі беларускія ўлады ўсё ж пойдуць на рэформы? Ці ёсць нейкі пазітыўны сцэнар, калі змены ў Беларусі адбудуцца?

Еўрарадыё: Ці можна сказаць, што ідэя набліжэння Беларусі да ЕС з дапамогай ініцыятывы “Усходняе партнёрства” правалілася? У Еўранэсце Беларусь не ўдзельнічае, на Саміце такі нізкі ўзровень прадстаўніцтва... Ці ёсць расчараванне, што Беларусь увогуле ўключылі ў УП?

Каміль Клысіньскі: Тут пытанне, хто расчараваны болей. Беларускія ўлады болей робяць выгляд, што пакрыўджаныя і расчараваныя тым, што ЕС мала стараецца. Што мала грошай, марудна працуе і выстаўляе нейкія дзіўныя ўмовы.

Я не думаю, што ідэя УП правалілася. Сама канцэпцыя добрая, але ў рэальнасць як звычайна не ўсё так. І гэта таксама, я мяркую, будзе тэмай Саміта. Важна вырашыць, як адэкватна рэагаваць на дзеянні беларускіх уладаў. Каб гэтае расчараванне можна было б хаця апраўдаць тым, што мы зрабілі ўсё магчымае, каб уцягнуць Беларусь у супрацоўніцтва, і што памылкі былі толькі з беларускага боку.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі