Польскага ваеннага аташэ выклікалі ў Мінабароны Беларусі

Польскага ваеннага аташэ выклікалі ў Мінабароны Беларусі

9 лістапада польскі ваенны аташэ палкоўнік Яраслаў Кемброўскі быў выкліканы ў Мінабароны Беларусі. Нагодай стаў міграцыйны крызіс на беларуска-польскай мяжы. паведамляе прэс-служба Мінабароны. 

Беларускія вайскоўцы заявілі, што польскі бок неабгрунтавана і неправамерна вінаваціць іх у датычнасці да гэтага міграцыйнага крызісу. Бездоказныя абвінавачанні, па словах Мінабароны, расцэньваюцца як правакацыя супраць Узброеных Сіл Беларусі.

Таксама беларускі бок выказаў занепакоенасць тым, што на мяжы збіраюцца польскія войскі. Як вядома, Польшча выкарыстоўвае іх, каб стрымаць плынь нелегальных мігрантаў з тэрыторыі Беларусі. 

Беларускія вайскоўцы нагадалі, што палякі "ў адпаведнасці з рэгіянальнымі мерамі даверу і бяспекі" павінныя дасылаць паведамленне і запрашаць назіральнікаў, калі ў нейкай дзейнасці прымае ўдзел 6 тысяч вайскоўцаў і больш.

Паводле афіцыйнай інфармацыі польскага боку, ўвечары 8 лістапада бліз польска-беларускай мяжы было размешчана больш за 12 тысяч вайскоўцаў. А афіцыйны Мінск не атрымаў ні паведамлення, ні запрашэння назіральнікаў. 

Пра тое, чаму беларускія памежнікі не стрымліваюць, а то і дапамагаюць мігрантам, якія нелегальна ідуць праз мяжу, прэс-служба Мінабароны не паведамляе.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі