Вы тут

Пісаць сваю музыку, каб не граць чужую: гісторыя юнага кампазітара з перахода

Фота Еўрарадыё

20-гадовага скрыпача Данііла Кулікоўскіх можна штодня сустрэць у мінскіх пераходах. Разам з гуртом EVANDband ён грае сваю ўласную музыку. Мяркуючы па амаль чатырох тысячах падпісчыкаў і водгуках у “Вконтакте”, аўтарская музыка Кулікоўскіх кранае слухача.

Данііл нарадзіўся ў Мінску. Музыкай стаў займацца ў чатыры гады, а першую п'есу напісаў у шэсць. Цяпер ён вывучае педагогіку і псіхалогію і спрабуе зразумець, як музыка ўплывае на людзей. Марыць стаць кампазітарам, але бачыць сябе не на сцэне, а “за кадрам” — хоча пісаць саўндтрэкі для кіно і камп'ютарных гульняў. Асаблівых перспектыў у Беларусі не адчувае з-за адсутнасці музычнай індустрыі:

"Калі ты пішаш музыку ў Беларусі, то зарабіць ёй практычна немагчыма. Тут яе прадаць нерэальна, таму што людзі не прывыклі набываць музыку. Я, вядома, гляджу ў бок замежжа не таму, што кепска стаўлюся да сваёй Радзімы, а таму што там больш магчымасцяў. Тут больш зарабляе будаўнік, чым музыка, гэтым усё сказана ", — кажа Данііл.

 

Пакуль жа разам з сябрамі, з якімі скончыў музычны каледж імя Глінкі, Данііл ўдасканальвае майстэрства і напрацоўвае аўдыторыю ў мінскіх пераходах:

"У пераход мы выйшлі спачатку ўдвух з іншым скрыпачом — мне проста была цікавая рэакцыя людзей. Выконвалі не маю музыку, але ў гэтым я вялікага сэнсу не бачыў. Ты проста граеш чужыя творы, і за гэта табе кідаюць грошы. Гэта няправільна, бо такім чынам мы парушаем аўтарскія правы. Цяпер з калектывам мы выконваем толькі маю музыку не з-за нейкага эга, якое разраслося, а таму, што ніхто іншы нічога не прапануе".

 

Заробак у мінскіх пераходах, распавядае Кулікоўскіх, вар'іруецца ад нуля да ста рублёў у дзень на кожнага ўдзельніка каманды. Але сто рублёў — гэта нерэальная ўдача, якая можа быць звязаная з добрым надвор'ем, заробкам у мінакоў або наяўнасцю багатага чалавека, які, пачуўшы музыку Evandband, не змог прайсці міма.

"Падчас чэмпіянату свету па хакеі за дзень нам аднойчы "падзякавалі" на 600 долараў. Але мы вельмі стараліся", узгадвае Данііл. Выступы ў пераходзе, вядома, робяць сваю справу — гурт запрашаюць на карпаратывы. Але некаторыя арганізатары мерапрыемстваў карыстаюцца недасведчанасцю хлопцаў і часам "кідаюць" іх на грошы.

"Музыцы я вучуся 13 гадоў. Разумею, што адукацыя ў выніку мне фінансава не дапаможа: для мужчыны прафесія педагога — не заробак. Але я хачу атрымаць копмлексныя веды па псіхалогіі і педагогіцы, каб больш разумець, як людзі рэагуюць на музыку, таму што музыка — гэта не толькі гук, але і зносіны з чалавекам, гэта яго ўспрыняцце цябе, як кампазітара".

EVANDband пакуль не выпусціў дэбютны альбом, але новыя трэкі можна паслухаць на старонцы гурта.