Пінігін: “Каласы” – вельмі дарагі праект, такога ў нас не рабілі ніколі

Праца над экранізацыяй рамана Уладзіміра Караткевіча “Каласы пад сярпом тваім” можа распачацца напрыканцы гэтага года. Пра гэта Еўрарадыё распавяла намеснік галоўнага рэдактара Галоўнай рэдакцыі “Беларусьфільма” Кацярына Панамарова.

Кацярына Панамарова: “Запуск плануецца ў канцы гэтага года. Запуск у рэжысёрскую распрацоўку, падрыхтоўчы перыяд. Пакуль што праца не тое, каб закансерваваная, а ўлічваюцца ўсе абставіны вытворчыя, творчыя фармуецца прыблізная група, якая будзе працаваць над рэалізацыяй праекта”.

У сваю чаргу будучы рэжысёр “Каласоў” Мікалай Пінігін не бачыць сэнсу казаць пра пачатак працы над стужкай, пакуль у “Беларусьфільма” не з’явіцца новы генеральны дырэктар.

Мікалай Пінігін: “Дырэктар кінастудыі гэта яшчэ і прадзюсер у нашых дзяржаўных варунках. А гэта вельмі дарагі праект, вось у чым справа! Такога “Беларусьфільм” не рабіў ніколі. Гэта касцюмная, сур’ёзная, гістарычная стужка, і яна патрабуе вялікіх, велізарных сродкаў. Не таму, што там ганарары ў кагосьці вялікія, а таму што пашыць касцюмы, коні, зброя, замкі, палацы і гэтак далей. Тут ніхто спяшацца з гэтым праектам не будзе. Трэба зрабіць сур’ёзны аналіз, паглядзець, колькі гэта будзе каштаваць перш за ўсё. І ці магчыма сёння рабіць гэты праект з фінансавага пункту гледжання. Бо кінуцца ў гісторыю галавой наперад, каб потым высветлілася, што грошай недастаткова навошта гэта трэба?!”

На “Беларусьфільме”, кажа Кацярына Панамарова, выдатна разумеюць, што 4-серыйны фільм “Каласы пад сярпом тваім” будзе каштаваць дорага. І таму вельмі спадзяюцца, што стужка атрымае статус “нацыянальнага праекта” і, адпаведна, дзяржаўнае фінансаванне. Але пакуль, як прызналася спадарыня Панамарова, ні каштарыс будучай кінаэпапеі складаць не пачыналі, ні заяўку на атрыманне гэтага статуса ніхто не падаваў. Маўляў, яшчэ не час.

Цікава, што дагэтуль не вырашана канчаткова, хто будзе кіраваць на здымачнай пляцоўцы “Каласоў”. Нагадаем, сцэнар да фільма, які напісаў Аляксандр Качан, быў зацверджаны Экспертным саветам па кінематаграфіі Міністэрства культуры. Па рэкамендацыі Мінкульта, рэжысёрам карціны мусіць стаць Мікалай Пінігін, які заняты працай у Купалаўскім тэатры. Таму на “Беларусьфільме” не выключаюць, што ў Пінігіна будзе сурэжысёр.

Кацярына Панамарова: “Кандыдатура менавіта гэтага рэжысёра гэта абавязковая ўмова правапрыймальніцы пісьменніка Алены Сянкевіч. Але ён можа быць не адным рэжысёрам магчыма, будзе сурэжысёр. Гэта ў залежнасці ад тэхналагічнай складанасці. Канцэптуальна і сцэнар аўтарам Аляксандрам Качаном пісаўся менавіта пад гэтага рэжысёра. Мікалай Пінігін вёў непасрэдную працу, зацвярджаў сюжэтныя лініі”.

Але не толькі ў рэжысёра можа з’явіцца напарнік, а і ў самога “Беларусьфільма”. Як распавёў Еўрарадыё сцэнарыст Аляксандр Качан, цікаўнасць да фільма праявіў польскі бок.

Аляксандр Качан: “Магчыма, што і польскі бок возьме ўдзел у гэтым праекце. Тады, можа, і ўмовы для здымак будуць лепшыя. Бо я не ўяўляю сабе, як вырашыць праблему з натурай. Бо з маёнткамі, з палацамі сітуацыя ў Беларусі вельмі кепская. Калі польскі бок будзе ўдзельнічаць, то гэтую праблему можна будзе вырашыць і глядзець на гэты праект больш аптымістычна”.

Пра тое, што фільмам “Каласы пад сярпом тваім” зацікавіліся палякі, чуў і Мікалай Пінігін. Але на “Беларусьфільме” гэтую інфармацыю не пацвердзілі. Але і не абверглі такую верагоднасць.

Кацярына Панамарова: “Усё залежыць ад таго, ці зручна нашай кінастудыі і нашай дзяржаве кожная канкрэтная сувытворчасць. Калі ўмовы будуць задавальняць і кінастудыю, і патэнцыйных партнёраў, то чаму не? Мы можам працаваць і будзем з задавальненнем працаваць”.

А ў выпадку такога супрацоўніцтва не выключана, што ў фільме возьмуць удзел польскія акцёры. Праўда, згодна са словами Мікалая Пінігіна, ён яшчэ не думаў над тым, каго з акцёраў на якую ролю ў будучым фільме запрасіць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі