Пераганяць аўтамабілі па даверанасці забароняць

Каля 90% аўтамабіляў з тых, якія ў 2006-м годзе можна было набыць на аўтарынках краіны, былі ўвезеныя ў Беларусь фізічнымі асобамі па даверанасцях. Чыноўнікі падлічылі, што праз розніцу ў падатках дзяржава недаатрымала прыкладна 7 мільярдаў рублёў. Гэтае імкненне пазбегнуць падаткаў — няхай сабе і на законных падставах — вельмі не падабаецца дзяржаве. Таму Камітэт дзяржкантролю прапануе Савету міністраў забараніць імпарт аўтамабіляў па даверанасцях.

Перагоншчык: “Дзяржаве патрэбныя грошы... Народу таксама патрэбныя грошы... Людзі імкнуцца пазбегнуць падаткаў”.

Патлумачым слухачам, не спрактыкаваным у аўтабізнэсе: згодна з існуючым заканадаўствам, кожны паўналетні беларус мае права прыгнаць з-за мяжы і прадаць на ільготных падатковых умовах адзін аўтамабіль на год.

Каб пазбегнуць істотных падаткаў за кожнае наступнае аўто, перагоншчык шукае чалавека, які за невялікі, але прыемны матэрыяльны бонус “не супраць” даверыць яму гэтую адказную працу.

Разам яны ідуць да натарыюса і афармляюць даверанасць, згодна з якой “зацікаўлены грамадзянін” робіцца ўласнікам імпартуемага аўтамабіля. Менавіта ад яго асобы і прадаюць машыну, прыгнаную з-за мяжы.

Як будуць выкручвацца перагоншчыкі? Распавядае Аляксей, супрацоўнік мінскага аўтарынка ў Малінаўцы.

Аляксей: “Калі ўвогуле забароняць увоз на фізічныя асобы, тады ўвозіць аўтамабілі будзе праблемна. Але калі ўвоз на фізічныя асобы ўсё ж такі застаецца, дык падстаўныя людзі будуць адкрываць візы, выязджаць, прыязджаць...

Усе гэтыя паслугі будуць ім дадаткова аплочвацца, і ў выніку прайграе толькі пакупнік аўтамабіля”.


Зразумела, што выдаткі на візу для “зацікаўленага грамадзяніна” і яго транспартавання “туды” і “адтуль” будуць закладацца ў кошт аўтамабіля.

Між іншым, сабекошт падтрыманага аўто і так істотна абцяжараны выдаткамі перагоншчыка. У падліках Аляксею дапамагае адзін з перагоншчыкаў замежных машын.

Перагоншчык: “Пачнем з даверанасці. Калі на чужога чалавека — гэта 100 тысяч. Адкрыць візу, дарога – як ён едзе... Можна ашчаджаць, можна цягніком.

А ёсць такія, якія ўвогуле не ездзяць, ім немец засылае сюды аўтавозамі. Плюс нумары – 120-130 еўра ў Германіі, плюс бензін”.


Аляксей: “Асноўная сума, якая ідзе ў бюджэт, — гэта растаможка аўтамабіля. Таму што мытная марка — гэта два ці тры долары, мытнае афармленне — неістотна. Галоўнае — гэта растаможка”.

Нескладана здагадацца, што калі перагоншчыкам перакрыюць магчымасць працаваць у ільготных падатковых умовах, і яны праз нерэнтабельнасць закінуць свой бізнэс, дзяржава не ўбачыць і гэтых грошай. Праўда, бізнэс перагоншчыкаў паміраць не збіраецца.

Перагоншчык: “Даверанасці на сваякоў не адменяць — усё роўна іх будуць знаходзіць... І будуць выязджаць за мяжу: што такое зараз адкрыць польскую візу? Пяць долараў! І літоўскую візу. Абыйсці закон... Адкрыў візу, выехаў, аформіў на чалавека”.

Неўзабаве перагоншчыкам прапануюць з фізічных асобаў ператварыцца ў індывідуальных прадпрымальнікаў і працаваць у звычайных падатковых умовах. З аднаго боку, гэта будзе справядліва ў адносінах да ўжо існуючых ІП, якія займаюцца дастаўкай аўто у Беларусь.

Іпэшныя перагоншчыкі аплочваюць такое ж мыта, як фізічныя асобы, але нясуць дадатковыя выдаткі на адкрыццё ліцэнзіі на рознічны гандаль, з іх спаганяецца дадатковы мытны збор і фіксаваны падатак пры продажы аўтамабіля. Перагоншчыкам — фізічным асобам нашмат больш сімпатычны іншы варыянт:

Перагоншчык: “Няхай бы дадалі да гэтай растаможкі якіх 100–200 еўра... І ганяй колькі заўгодна!”

Але хто ў гэтай краіне прыслухоўваецца да меркавання фізічных асобаў? Дзяржава ўсур’ёз памкнулася пасунуць іх з аўтамабільнага рынку краіны, і апошнія шчыліны ў законах бізнэс аўтаперагонаў не выратуюць.

Не, беларускія аўтарынкі не спусцеюць — месца, што вызваліцца, займуць іпэшнікі і іншыя легітымныя гандляры.

Аднак кошты на машыны, якія і без таго імкліва растуць праз тое, што долары, да якіх прывязаная беларуская валюта, таннеюць у параўнанні з еўра, за якія набываюцца замежныя аўто, пасля забароны імпарту аўтамабіляў па даверанасцях чакаюць ліхаманкавыя падвышэнні.

Уласны аўтамабіль шмат каму з нас зробіцца не па кішэні.

Фота — www.alians-auto.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі