Вы тут

Пенсіянерка ў калготках на галаве і з цацачным пісталетам абрабавала сваячку

Столінская пенсіянерка абрабавала старую сваячку / pixabay.com, ілюстрацыйнае фота

Пракуратура Брэсцкай вобласці перадала ў суд Столінскага раёна крымінальную справу на 62-гадовую мясцовую жыхарку. Жанчыну вінавацяць у разбойным нападзе на больш старую сваячку, паведамляе служба інфармацыі пракуратуры.

Злачынства адбылося ў красавіку. Пенсіянерка зайшла да 82-гадовай сваякі праз незачыненыя дзверы. Нападніца нацягнула на галаву жаночыя калготкі, на рукі — пальчаткі, а таксама ўзяла з сабой цацачны пісталет. Яна вырвала провад са стацыянарнага тэлефона. Пагражаючы "зброяй", жанчына запатрабавала ў гаспажыні дома грошы. Здабычай нападніцы сталі 420 рублёў, 410 долараў і прадукты харчавання.

Крымінальную справу пачалі па ч. 2 арт. 207 КК (разбой). Яшчэ падчас расследавання нападніцу ўзялі пад варту. Ёй пагражае ад 6 да 15 гадоў пазбаўлення волі і штраф.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.