Вы тут

Пажар у Іванаўскім раёне: гаспадар дома загінуў

Фота: кадр з відэа з месца здарэння

Пажар з гібеллю чалавека адбыўся раніцай 12 студзеня ў вёсцы Суловы Іванаўскага раёна. Узгаранне здарылася ў жылым драўляным доме, які належаў мужчыне 1962 года нараджэння. Гаспадар загінуў у агні, дом моцна выгарэў. Імаверна, што прычынай здарэння стала неасцярожнасць пры курэнні.

Як паведамляе прэс-служба Брэсцкага абласнога ўпраўлення МНС, за суткі ў вобласці адбылося 6 пажараў. Напрыклад, у Лунінцы гарэў хлебапечны цэх — замкнула электраправодку. У Ляхавіцкім і Кобрынскім раёнах гарэлі нежылыя дамы ў вёсках — туды прабраліся невядомыя асобы, якія неасцярожна абыходзіліся з агнём. А ў Камянецкую раённую лякарню трапіў нецвярозы мужчына з апёкамі — няўдала пагрэўся ля вогнішча.