Павел Латушка: Нас аб’ядноўвае, сапраўды, Бацькаўшчына!

Задзіночанне беларусаў свету “Бацькаўшчына” адзначыла 20-цігоддзе. У якасці падарункаў яго кіраўнікі атрымалі чатырохмоўнае выданне аповесці “Дзікае паляванне караля Стаха”, гістарычную карціну “Сцяпан Батура” і спевы музыкаў.

Увечары ў пятніцу, 26 лістапада, у дзень, калі спаўнялася 80 год ад дня нараджэння славутага пісьменніка Ўладзіміра Караткевіча, міжнароднае грамадскае аб’яднанне Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” ўрачыста адзначыла свой 20-гадовы юбілей.

Святочная імпрэза праходзіла ў актавай зале Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур. Амаль цалкам запоўненая зала і добрае тэхнічнае абсталяванне зрабілі сваю справу: мерапрыемства праляцела фактычна на адным ўздыху.

Першым, пасля прамовы кіраўніцы “Бацькаўшчыны” Алены Макоўскай, павіншаваў Згуртаванне беларусаў свету міністр культуры Павел Латушка.
Павел Латушка: “Гэта свята ваша, але гэта свята таксама і наша, бо нельга дзяліць беларусаў незалежна ад таго, дзе яны пражываюць: ці на Радзіме, ці далёка па-за яе межамі… Бо, калі я глядзеў на відэа таго фільма, які нам паказвалі сёння, паставіў пытанне: а ў чым мы розныя? Ды не ў чым! Адныя і тыя ж карані, адная і тая ж зямля нас нарадзіла, адная і тая ж Маці спявала нам песні. Мы размаўляем на адной мове — можа не заўсёды на беларускай, але мы разумеем адзін аднаго. І гэта самае галоўнае, бо нас аб’ядноўвае, сапраўды, Бацькаўшчына!”

Міністр культуры згадаў і Ўладзіміра Караткевіча, помнік якому да канца бягучага года ўсталююць у Кіеве. Але данінай павагі да вялікага пісьменніка будзе не толькі гэты помнік, але і чатырохмоўнае выданне аповесці “Дзікае паляванне караля Стаха”, а таксама дакументальны фільм “Свет Караткевіча”, зроблены пры падтрымцы Міністэрства культуры.

Павел Латушка: 
“Калісьці Адам Глобус сказаў, што лепшым помнікам для Караткевіча была б менавіта калясніца з гэтых коняў з “Дзікага палявання караля Стаха”. Для мяне было вельмі прынцыпова, каб яно выйшла менавіта і на англійскай мове, бо з былой сваёй працы амбасадара, дыпламата, я разумеў наколькі важна нам прасоўваць нашу культуру па-за межамі нашай Бацькаўшчыны, каб нашы партнёры, нашы сябры, а можа тыя, хто нават нічога не ведае пра Беларусь, маглі пазнаёміцца з нашай культурай”.

Сярод іншых выступоўцаў “Бацькаўшчыну” павіншаваў і акадэмік Радзім Гарэцкі, які, са словаў вядучага імпрэзы паэта Леаніда Дранько-Майсюка, зрабіў навуковае адкрыццё, знайшоўшы высахлую рачулку, што ў сярэднявеччы прамым шляхам злучала Давыд-Гарадок і Тураў.

Радзім Гарэцкі: “Мне здаецца, зараз, у час, калі ідуць выбары прэзідэнта, мы павінны асабліва моцна працаваць і сказаць нашым уладным сістэмам, што нам патрэбен беларускамоўны прэзідэнт, нам патрэбен беларускамоўны урад, парламент! Толькі так — ніяк інакш!”

Паслухаўшы шматлікія віншаванні ад кіраўнікоў беларускіх суполак замежжа, прысутных яшчэ чакалі выступы іншых выбітных дзеячаў беларускай культуры: старшыні Таварыства аховы помнікаў Антона Астаповіча, галоўнага рэдактара часопіса "Дзеяслоў" Барыса Пятровіча, старшыні ТБМ Алега Трусава.

Сярод падарункаў да 20-цігадовага юбілею "Бацькаўшчыны" можна адзначыць копію партрэта караля Рэчы Паспалітай Сцяпана Батуры, некалі вывезенага з скокаўскага палаца Нямцэвічаў і падараванага Валерам Казаковым, старшынём федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі “Беларусы Расіі”. Акрамя таго ў якасці падарунка выглядаў і спеў намесніцы “Беларуска-эстонскага згуртавання” Зінаіды Клыгі, моц голасу якой наўпрост не даваў адвесці ўвагі ад спеву. Таксама выступілі гурты “Стары Ольса” і “Крамбамбуля”, спяваў і Алесь Камоцкі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі