Пасол Расіі: Нашы ВПС здзяйснялі над Ла-Маншам руцінны патруль

Брытанскі МЗС выклікаў расійскага амбасадара ў сувязі з палётам бамбардзіроўшчыка Ту-95 па-над Ла-Маншам. Лондан заявіў аб стварэнні расійскімі ваеннымі самалётамі перашкодаў для грамадзянскай авіяцыі.

Пасол Расіі ў Вялікабрытаніі Аляксандр Якавенка заявіў, што расійскія самалёты не дэстабілізавалі палёты па-над Ла-Маншам і не неслі ніякіх пагроз. Ён падкрэсліў, што два расійскіх ваенных самалёты здзяйснялі “руцінны паветраны патруль” па-над адкрытым морам, а палёт праходзіў у адпаведнасці з міжнароднымі прававымі нормамі.

“Брытанскі бок выказаў занепакоенасць у сувязі з тым, што палёты расійскіх ваенных самалётаў нібыта ўнеслі дэзарганізацыю (у працы) грамадзянскай авіяцыі ў раёне Брытанскіх астравоў”, — сказана ў паведамленні на сайце пасольства.

МЗС Вялікабрытаніі заявіла, што два расійскіх самалёты не парушылі паветраную прастору Брытаніі, але іх дзеянні з’яўляюцца прыкладам частых палётаў расійскіх ВПС за межамі зоны адказнасці.

Варта адзначыць, што брытанскія знішчальнікі з ваенных аэрадромаў у Лосімуце і Конінгсбі былі паднятыя ў неба для перахопу расійскіх бамбардзіроўшчыкаў і суправаджалі іх цягам 12 гадзін, пакуль тыя не пакінулі зону паветранага кантролю Вялікабрытаніі.

У ведамстве адмовіліся каментаваць, якая шкода была нанесеная грамадзянскай авіяцыі.

Генеральны сакратар НАТА Енс Столтэнберг у інтэрв’ю ВВС сказаў, што расійскія самалёты паводзяць сябе больш агрэсіўна, чым раней.

“Яны не паведамляюць пра свае планы палёту, яны не ўключаюць свае бартавыя адказчыкі, і яны не ідуць на кантакт з грамадзянскімі авіядыспетчарамі. Гэта ўяўляе небяспеку для ўсёй грамадзянскай авіяцыі”, — сказаў ён.

Ён адзначыў, што самалёты падляцелі да Брытанскіх астравоў з поўначы, прайшлі ўздоўж заходняга ўзбярэжжа Ірландыі і дасягнулі праліву Ла-Манш, пасля чаго павярнулі назад.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі