Пасол Літвы: Гледзячы на чэргі на мяжы, адчуваю сябе няёмка

Пасол Літвы: Гледзячы на чэргі на мяжы, адчуваю сябе няёмка

Што плануецца зрабіць для таго, каб машыны на беларуска-літоўскай мяжы не стаялі ў чэргах, а літоўскія памежнікі хутчэй афармлялі дакументы? Чаму літоўцы загадзя перакрылі доступ на літоўскі рынак электраэнергіі з БелАЭС? На гэтыя ды іншыя пытанні ў жывым эфіры Еўрарадыё адказвае Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Літоўскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Андрус Пулокас.

 

Пра чэргі на беларуска-літоўскай мяжы

 

Мінск і Вільня — самыя блізкія еўрапейскія сталіцы, па чыгунцы з аднаго горада ў другі можна без праблем і камфортна дабрацца за дзве гадзіны. Але гэтыя чэргі па мяжы, калі едзеш на машыне… Кожны раз, калі я еду на машыне і бачу беларускіх турыстаў, якія стаяць у гэтых чэргах, то адчуваю сябе няёмка. Неабходна нешта зрабіць, каб хаця б на нашым галоўным памежным пераходзе (“Каменны лог” — “Меднікі”, — Еўрарадыё) чэргаў не было, каб людзі маглі даехаць да месца хутка — дзве-тры гадзіны, і можна піць каву ў Вільні альбо ў Мінску. Дамагчыся гэтага можна праз рэканструкцыю гэтага пункта пропуску. Я бачыў планы рэканструкцыі гэтага пераходу з літоўскага боку: па праекце, да канца 2019 ― сярэдзіны 2020 года там будзе пабудавана 11 прапускных “варот”. І тады, спадзяюся, сітуацыя зменіцца кардынальна. Да ўсяго, плануецца змяніць статус пункта пропуску “Лоша”. Цяпер там могуць праехаць толькі тыя, хто едзе без рэчаў, каму не патрэбнае мытнае дэклараванне. Там праз пэўны час таксама будуць афармляецца ўсе мытныя працэдуры. Што здыме частку нагрузкі з суседніх пунктаў пропуску.

Я ведаю пра тыя прэтэнзіі, якія ёсць у турыстаў да літоўскіх памежнікаў ― што часам яны працуюць вельмі павольна. У гэтых прэтэнзіях ёсць рацыянальнае зерне. І тут нам ёсць, над чым папрацаваць, каб гэты працэс быў арганізаваны лепш.

 

Пра атамную энергетыку і БелАЭС

 

Мы ад будаўніцтва сваёй АЭС адмовіліся пасля рэферэндуму па гэтым пытанні. Людзі вырашылі, што з эканамічнага гледзішча гэты праект не мае будучыні. У літоўскай грамадскасці і экспертаў шмат пытанняў да праекту будаўніцтва Беларускай АЭС, але адказаў на іх мы так і не атрымалі. У такой неспрыяльнай атмасферы будоўля АЭС пачалася, і чым далей, тым больш градус непаразумення павышаецца. Бо галоўнае пытанне: навошта станцыю будаваць так блізка да Вільні? Людзі чытаюць навіны пра інцыдэнты з корпусамі рэактараў, што на будаўніцтве гінуць людзі, самі добра ведаюць, як у нас вядзецца будаўніцтва, якая культура будаўнічых прац і сумняваюцца, ці будзе гэта ўсё надзейным?

Але самыя галоўнае для нас пытанне ― пытанне бяспекі. Пачынаецца яно з пытання наконт выбару пляцоўкі для будоўлі. Якія былі крытэрыі выбару менавіта гэтай пляцоўкі? Нам на гэтае пытанне так і не адказалі. Апроч таго, мы лічым, што ацэнка ўздзеяння АЭС на навакольнае асяроддзе не скончаная.

На падставе ўсяго пералічанага літоўскі парламент ухваліў закон, згодна з якім электраэнергія з БелАЭС не зможа патрапіць на рынак Літвы.

 

Пра візы

 

Летась літоўскае консульства выдала амаль 200 тысяч віз беларусам. Сёлета маем павялічэнне на 5% колькасці выданых віз. Няма сумневаў, што сёлета будзе выдадзена больш за 200 тысяч віз. Да, магчыма, з-за пэўных эканамічных праблем у Беларусі, з-за коштаў на тавары ў Літве колькасць турыстаў, што едуць у нашу краіну і зменшылася. Але я, калі шчыра, гэтага не заўважыў: гэтак жа шмат машын з беларускімі нумарамі ў Вільні, шмат беларусаў адпачывала сёлета ў Паланзе. А калі менш беларускіх машын заўважна ля “Акропаліса”, то, можа, людзі не там, а ў нашых музеях і тэатрах?

 

Пра вучэнні “Захад-2017”

 

Гэта вельмі вялікія вучэнні па колькасці ўзбраення і ваеннаслужачых, якія ў іх задзейнічаныя. І адбываюцца яны ў рэгіёне, які не з’яўляецца цалкам спакойным ― зусім побач Украіна. Таму мы будзем вельмі ўважліва сачыць за гэтымі вучэннямі, мы гатовыя да розных сцэнарыяў. Вакол гэтых вучэнняў было шмат розных спекуляцый, застаецца насцярожанасць у дачыненні да іх. Але мы выдатна памятаем, што было пасля вучэнняў “Каўказ-2008” (расійскія войскі захапілі частку тэрыторыі Грузіі, ― Еўрарадыё). Спадзяюся, што ўсё пройдзе без інцыдэнтаў і правакацый.

 

Пра дэмакратычныя каштоўнасці

 

Можа, цяпер менш кажуць пра дэмакратычныя каштоўнасці ў дачыненні да Беларусі, але нічога ў пазіцыі Еўрасаюза ў гэтых пытаннях не змянілася. Правы чалавека, вяршэнства закона ― яны заўжды застаюцца на павестцы дня. І застануцца. Магчыма, цяпер больш на слыху іншыя актуальныя пытанні, але і ад дэмакратычных каштоўнасцяў ніхто не адмаўляецца. І я веру, што ў будучым Беларусь стане паўнавартаснай часткай Еўропы.

 

Цалкам размову з Андрусам Пулокасам можна паглядзець тут:

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі