Пасля выбуху ў Чарнобылі БТ хацелі перавезці за 50 км ад Мінску

Па яго словах, у 1986 годзе існаваў план па адсяленні жыхароў Гомеля, Мазыра і нават Мінску.
 
Бураўкін: “Так, такі план разглядаўся на самым высокім узроўні ў Беларусі, бо тады была небяспека і, на жаль, рэальная, што будзе яшчэ адзін выбух у Чарнобылі. І гэты выбух будзе яшчэ больш страшны, чым той, што быў. Як лічылі вучоныя, ён знясе з зямлі Кіеў, і Гомель, і Мазыр, і Адэсу. Разглядаўся і такі варыянт, што таксама давядзецца эвакуяваць жыхароў сталіцы. Такое было, я прысутнічаў на паседжанні, і мы распрацоўвалі ў сваім калектыве і маршруты і спосабы эвакуацыі”.

Але эвакуяваць цэлы Мінск не так проста: двухмільённы горад у адно месца адразу не перавязеш. Таму, кажа, Бураўкін, было некалькі маршрутаў:

Бураўкін: “Гэтыя маршруты былі самыя розныя, у глыбіню Беларусі, у тыя раёны, якія не павінны былі быць закранутыя гэтай бядой. Кожнаму калектыву быў вызначаны свой маршрут. І планавалася ці то цягнікамі эвакуявацца, ці то аўтамабільным транспартам. Гэта ўсё прадугледжвалася. На шчасце, гэты план праз нейкі час аказаўся непатрэбным, бо змаглі гэтую бяду прадухіліць. І вучоныя знайшлі спосаб, як патушыць гэты першы рэактар, які выбухнуў”.

Які горад стаў бы сталіцай пасля эвакуацыі, Бураўкін кажа, што не ведае. І куды планавалася перавозіць кіраўніцтва Беларусі, не памятае. А вось пра планаваную эвакуацыю БТ распавядае:

Бураўкін: “Гэта пад Мінскам, недзе кіламетраў 50 ад Мінску. Быў такі абсталяваны пункт, было там элементарнае абсталяванне, якое б давала магчымасць не спыняць вяшчанне”.

Па словах Бураўкіна, на той час гэта быў аб’ект грамадзянскай абароны. Дзе канкрэтна ён знаходзіўся, экс-кіраўнік тэлевізіі распавядаць не захацеў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі