"Thick as a Brick" ад Jethro Tull гучыць праз 40 гадоў, нарэшце, і ў Мінску

Каб сустрэцца з легендай Іэнам Андэрсанам, трэба "забіць" на цэлы канцэрт "Разбітага Сэрца Пацана". Але Еўрарадыё расстаўляе прыярытэты правільна: спадар Андэрсан і яго гурт, хоць ужо і былі ў Мінску 4 гады таму, але ўпершыню з такой эпахальнай праграмай.

Эпахальнай у прамым сэнсе: праграма "Thick as a Brick", якую Jethro Tull выконваў у далёкіх 70-х, цяпер мае працяг — "Thick as a Brick-2". Калі першая гісторыя распавядала пра выдуманага маладога таленавітага хлопчыка Джэральда Бостака, якога “зарубілі” на конкурсе пісьменнікаў, то працяг паказвае, што з гэтым хлопчыкам становіцца 40 гадоў пасля.

Шоў у двух актах прымае мінскі Музычны тэатр — зусім нетыповая пляцоўка для электрагітар і барабанных установак:

“Лічу, з тэатрам гэта нармальна спалучаецца, але публіка зусім не тэатральная, — дзеліцца з Еўрарадыё назіраннямі Анастасія, старшы адміністратар тэатра. — Гэта “яго” [Андэрсана.  Еўрарадыё] публіка. Адны мужчыны! Да нас пераважна жанчыны ходзяць”.

Сярод публікі, як і мае быць на “дыназаўрах”, можна заўважыць прадстаўнікоў адразу некалькіх пакаленняў. Старэйшыя называюць сваё шчасце нерэальным:

“Скажы нам, пакаленню 70-х-80-х, што мы пабудзецем на канцэрце Іэна Андэрсана і Jethro Tull, мы б успрынялі гэта таксама, як калі б вам сёння сказаць, што заўтра вы ляціце на месяц… ” — кажуць Сева і Веня

Іх мары дзяцінства здзяйсняюцца ўжо з першымі акордамі, калі выходзіць Іэн Андэрсан, бярэ флейту і становіцца ў “фірмовую” стойку на адной назе. Музыкі доўгімі сольнымі запіламі вядуць сур’ёзны расповед пра каштоўнасці цэлых пакаленняў. Публіцы даводзіцца канцэнтравацца выключна на музыцы, бо відэа, якое мусіць дадаваць шоў тэатральнасці і тлумачыць шматлікія моманты, мінчукам не шчасціць убачыць — перад канцэртам ламаецца неабходнае прыстасаванне.

Галоўную “тэатральную” ролю бярэ на сябе самы малады ўдзельнік шоў — Раян О’Донэл, якога прывёў у праект клавішнік Джон О’Хара. Гэта малады хлопец, акцёр, які дапамагае Андэрсану спяваць і “візуалізуе” персанажа, пра якога ідзе гаворка ў песнях — Джэральда Бостака.

“Ідэя была не столькі быць гэтым Джэральдам Бостакам, а, хутчэй, намякаць на яго персону, асабліва ў другой частцы шоў, якая распавядае пра гісторыю Бостака, якому ўжо 50 гадоў, — кажа Еўрарадыё Раян О’донэл. — Але таксама задача граць як бы маладога Іэна Андэрсана”.

Джэрам сапраўды вельмі падобна да маладога Андэрсана вылуплівае вочы, таксама становіцца “ў стоечку”, спявае, праўда, крыху больш салодкім голасам. Адзіная нестыкоўка — грае не на флейце, а на кійі ад швабры.

“Калі-небудзь вы і пра мяне пачуеце! — смяецца Райн О’донэлУ мяне свой гурт, але я пакуль паставіў гэта на паўзу. Але мой бубнач цяпер грае з вельмі таленавітай маладой спявачкай. Яна патрасная. І калі я не ў туры, я рад рабіць сваю ўласную музыку.”

Чакаем нараджэння новай зоркі? Пасля 160 шоў з Іэнам Андэрсанам і Jethro Tull, напэўна, ужо вядомыя ўсе хітрыкі, якія могуць прымусіць публіку казаць, як у Мінску: “Мяне проста размазала па крэсле" ці “Мне складана растлумачыць, але ўражанне, што гэта быў адзін з лепшых і напоўненых энергетыкай канцэртаў у маім жыцці”.

Фота: montreuxjazzlive.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі