Пашынян не стаў прэм’ерам Арменіі, парламент распусцяць

Пашынян не стаў прэм’ерам Арменіі, парламент распусцяць

Нацыянальны сход Арменіі другі раз не абраў прэм’ер-міністра краіны. Цяпер парламент будзе распушчаны, а ў снежні адбудуцца пазачарговыя выбары, якіх і дамагаўся былы кіраўнік армянскага ураду Нікол Пашынян.

Была выстаўленная толькі яго кандыдатура. Галасаванне адбылося сёння, 1 лістапада. За Пашыняна не прагаласаваў ніводны з дэпутатаў, супраць таксама. 13 чалавек устрымаліся, паведамляюць замежныя інфармагенцтвы.  

16 кастрычніка Пашынян абвясціў пра сваю адстаўку з пасады прэм’ер-міністра. Ён зрабіў гэты крок для правядзення датэрміновых выбараў у заканадаўчы орган, у якім цяпер найбуйнейшая фракцыя прадстаўленая Рэспубліканскай партыяй папярэдніка Пашыняна на пасадзе прэм’ера — Сержа Саргсяна.

У канцы верасня блок Нікола Пашыньяна “Мой крок” атрымаў пераканаўчую перамогу на праведзеных выбарах у муніцыпалітэт Ерэвану — Раду старэйшынаў. Тут блоку Пашыняна належаць 57 мандатаў, а ўсяго там 65 месцаў. Мяркуецца, што выбары ў парламент будуць таксама ўдалымі для “Майго крока”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі