Парламент атрымаў 200 зваротаў за абавязковую беларускую мову на этыкетках

У Палату прадстаўнікоў паступіла больш за 200 зваротаў грамадзян з прапановай ўвесці абавязковае размяшчэнне на таварах інфармацыі на беларускай мове. І гэта толькі за студзень, паведаміў БЕЛТА старшыня пастаяннай камісіі па жыллёвай палітыцы і будаўніцтве Юрый Дарагакупец. Ён нагадаў, што на сённяшні дзень вытворцы самі вырашаюць, на якой мове мусіць быць этыкетка. Аўтары зваротаў настойваюць, каб інфармацыя друкавалася на двух мовах — беларускай і рускай.

Аднак, як паведаміла прадстаўніца Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Ірына Барышнікава, падчас распрацоўкі праекта закона "Аб абароне правоў спажыўцоў" гэтае пытанне абмеркавалі на пасяджэнні грамадска-кансультацыйнага савета пры МАРГ. І ён вырашыў "не ўносіць змены ў законапраект у дадзенай частцы". Законапраект ужо знаходзіцца ў Саўміне і неўзабаве яго атрымае Палата прадстаўнікоў.