Парашэнка прызначыў новага амбасадара Украіны ў Беларусі

Украінскі прэзідэнт Пётр Парашэнка прызначыў новага амбасадара Украіны ў Беларусі. Ім стаў 55-гадовы Ігар Кізім. У апошнія два гады ён працаваў часовым павераным у справах Украіны ў Вялікабрытаніі.

Вядома, што Кізім — ураджэнец Харкава. Ён — выпускнік факультэта міжнародных адносінаў і міжнароднага права Кіеўскага дзяржуніверсітэта імя Шаўчэнкі. Быў першым сакратаром украінскіх амбасадаў у Францыі і Нігерыі, дарадцам у амбасадзе ў Канадзе. У 2011-2013 гадах кіраваў аддзелам NATO дэпартамента міжнароднай бяспекі і раззбраення МЗС Украіны, пасля стаў намеснікам дырэктара гэтага дэпартамента, выконваў абавязкі яго кіраўніка.

Украіна не мела амбасадара ў Беларусі з траўня 2015 года, калі быў звольнены Міхаіл Ежаль. Ён працаваў у Беларусі два гады. Ва Украіне супраць Ежаля распачалі шэраг крымінальных справаў. У сакавіку 2016-га яго абвясцілі ў вышук.