Вы тут

Памёр кіроўца аўтобуса, які атрымаў цяжкія раненні ў жніўні 2020 года

У памерлага засталося трое дзяцей / Наша Ніва

У нядзелю, 10 кастрычніка, памёр Павел Сібілёў  кіроўца аўтобуса, які атрымаў цяжкія раненні падчас жнівеньскіх пратэстаў 2020 года, паведамляе "Наша Ніва". Мужчына не дажыў да свайго 50-гадовага юбілея.

Вечарам 10 жніўня Сібілёў завяршаў працоўную змену на аўтобусе, які разам з іншым транспартам трапіў у затор. Павел выйшаў абмеркаваць сітуацыю з калегам, як неўзабаве яму ў спіну прыляцела граната і гумовыя кулі. Мужчына месяц правёў у ваенным шпіталі, перажыў перасадку скуры, атрымаў першую групу інваліднасці. Да гэтага выпадку ён не меў праблем са здароўем.

Следчы камітэт адмовіўся заводзіць справу па факце ранення кіроўцы ў яго працоўную змену.

Пасля выпіскі са шпіталя ў Сібілёва выявілі анкалагічнае захворванне — ён перасоўваўся па вуліцы выключна з кійком у руках.

У Паўла засталося трое дзяцей, малодшы сын сёлета пайшоў у першы клас.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.