Вы тут

Памерла адна з пацярпелых падчас выбуху на "Магілёўдрэве"

Фота: sk.gov.by

Памерла адна з пацярпелых падчас выбуху на "Магілёўдрэве" (яе не стала яшчэ на выхадных). Пра гэта раніцай 1 кастрычніка ў Facebook паведаміла афіцыйная прадстаўніца Следчага камітэта Юлія Ганчарова. Найхутчэй яна мае на ўвазе 57-гадовую жанчыну, у якой былі апёкі больш за 60% цела. Яе прывезлі ў Мінск у Рэспубліканскі апёкавы цэнтр Мінскай гарадской клінічнай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі і спрабавалі выратаваць.

Выбух у фарбавальнай камеры магілёўскага прадпрыемства адбыўся 25 верасня ў 18:30, пасля чаго пачаўся пажар. У той момант у цэху быў майстар і 8 рабочых. Пацярпелі шэсць чалавек: тры мужчыны і тры жанчыны. Іх шпіталізавалі.

Расследаванне асабіста кантралюе старшыня Следчага камітэта Іван Наскевіч, які наведаў "Магілёўдрэў" і правёў аператыўную нараду са следчай групай. Крымінальную справу распачалі па артыкуле "парушэнне правілаў вытворча-тэхнічнай дысцыпліны і правілаў бяспекі, якія прывялі да выбуху і прычынення цяжкіх цялесных пашкоджанняў работнікам прадпрыемства".