Палітолаг: Лукашэнка выставіць любую сітуацыю як сваю перамогу

Еўрарадыё: Апошнім часам узмацніўся ціск на актывістаў Маладога Фронту. Якое можа быць гэтаму тлумачэнне?

Уладзімір Роўда: Па-першае, змяніўся Міністр унутраных спраў. І ён хоча засведчыць перад Лукашэнкам свой аўтарытэт і вагу. У Беларусі гэта зрабіць вельмі проста: трэба прад’явіць абвінавачванне тым патрыётам, якіх здолелі злавіць. А такімі людзьмі выступілі людзі з МФ, якія здолелі ўзняць бел-чырвона-белы сцяг у  дзень ганебнага рэферэндума аб дзяржаўнай мове і сімвалах.

Еўрарарадыё: Але гэтае цкаванне маладфронтаўцаў доўжыцца ўжо не першы тыдзень. Не можна прывязаць усё толькі да вывешвання сцяга, бо навіны пра тое, што кагосьці з маладафронтаўцаў арыштавалі ці пасадзілі, ужо другі месяц.

Уладзімір Роўда: Цяжка сказаць, чаму ўлады не пільнуюць гэдак іншых арганізацый, але вядома, што мэтай іх – запалохаць найбольш актыўных. Магчыма, яны хочуць даць іншым прыклад, каб тыя не рабілі таго, што робіць Малады Фронт.

Еўрарадыё: Міжнародная Федэрацыя Хакею ўсё ж такі пастанавіла правесці ў Беларусі чэмпіянат 2014 года па хакеі. Як вы пракаментуеце такое рашэнне?

Уладзімір Роўда: Я стаўлюся да гэтага негатыўна, нягледзячы на тое, што ў нармальнай сітуацыі спорт павінен быць па-за палітыкай. Але ў нас сітуацыя ў краіне цалкам дзікунская, і невядома колькі палітвязняў будзе на час чэмпіянату свету. Трэба звярнуцца да савецкага досведу. На Алімпіяду 80-га года, што праводзілася ў Маскве, не паехалі дэлегаты ад дэмакратычных краін, таму што былі ўведзены войскі Савецкім Саюзам у Афганістан. Гэтая акцыя набыла вялікі розгалас, і яна была паспяховай. Я б раіў зборным дэмакратычных краін байкатаваць гэты чэмпіянат свету. Яны нічога не здабудуць акрамя неадабрэння дэмакратычнай супольнасці. Уявіце, што моладзь набывае квіткі на матч, вывешвае дарагі ім бел-чырвона-белы сцяг, і тут іх пачынаюць збіваць, арыштоўваць… Гэтае дзікунства адбудзецца і будзе перад камерамі ўсяго свету. А міжнародная Хакейная Федэрацыя будзе пры гэтым прысутнічаць.

Еўрарадыё: Чаму ж нягледзячы на звароты дэмакратычных супольнасцей з усяго свету рашэнне выглядала менавіта так?

Уладзімір Роўда: Гэта вялікая памылка, і хутчэй за ўсё ролю тут згуляў лаббізм Расіі ды беларускіх кіраўнікоў.

Еўрарадыё: А наколькі рэальны такі байкот чэмпіянату?

Уладзімір Роўда: А чаму не рэальны? Гэта было рэальна супраць вялізнага монстра – Савецкага Саюза, і гэта цудоўна спрацавала. Гэта спрацавала і на працэс дэмакратызацыі.

Еўрарадыё: А якія б краіны маглі не быць на чэмпіянаце?

Уладзімір Роўда: Канада, ЗША, Чэхія, Няметчына, Швейцарыя, Францыя і г.д. Наўрад ці гэта паўздзельнічае на расіян ды Казахстан, але ўсё ж такі эліта хакею – гэта тыя краіны, якія я назваў.

Еўрарадыё: Можа, апазіцыйныя сілы маглі б выкарыстаць чэмпіянат, каб прыцягнуць увагу на праблемы, якія дзеюцца ў Беларусі?

Уладзімір Роўда: Я не думаю, што наша апазіцыя настолькі разумная. Па-другое, гэта не магчыма цяпер, бо былі спробы праносіць бел-чырвона-белыя сцягі і людзей фактычна распраналі. У нашых умовах гэта немагчыма.

Еўрарадыё: А па-за стадыёнамі?

Уладзімір Роўда: Усё адно Лукашэнка выставіць гэта як сваю перамогу і яго сімволіка будзе паўсюду. Я на гэтыя матчы не пайду ды сяброў не павяду.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі