Палешукі рыхтуюцца да ярдані

Крыжы з лёду паўстануць на Прыпяці. Адрадзіць традыцыю ўдалося вернікам з прыходу Ільінскай царквы Пінскага раёну. Ярдань на Палессі – асвячэнне вады з палонак 19 студзеня, на Вадохрышча. Старадаўняя прыгожая традыцыя. Яна завяршае каляды. Палешукі на свой манер перайначылі хрысціянскую гісторыю хрышчэння Ісуса Іванам Хрысціцелем на рацэ Ярдан.
Тутэйшыя людзі ў халодны месяц студзень прызвычаіліся высякаць з лёду крыжы, пасля акраплялі іх чырвоным бурачным сокам і ўмарожвалі ля палонкі. Іншым разам удавалася стварыць нават арыгінальную ледзяную чашу.

Адрадзіць традыцыю ўдалося вернікам з прыходу Ільінскай царквы вёскі Вуйнічы Пінскага раёну. Пасля адпраўлення царкоўнай службы, да першай гадзіны дня, хрысціяне накіроўваюцца хросным ходам (з вынасам Евангелля, святога абраза, з харугвамі і пад царкоўны звон) да ракі. На моцным лёдзе ля крыжа і ля палонкі ў форме крыжа людзі слухаюць малітву святара і чакаюць цуду – калі вада пад лёдам раптам стане святой. У гэты момант святар тройчы апускае свой срэбны крыж у ярдань.

Пасля асвячэння вернікі імкнуцца да незвычайнага крыжа ў лёдзе: кожны дакранаецца да вады, акрапляе твар, набірае асвечаную ваду ў чысты посуд. Яе захоўваюць цэлы год, бо лічаць лекавай. Даюць хворым, апырскваюць хатнюю жывёлу, новую хату і інш.
Крыж з лёду стаіць на рацэ да веснавой паводкі. Калі ж крыгалом пачынаецца хутка і дружна, крыж на сваёй ільдзіне паплыве па цячэнні насустрач сонцу. З’ява фантастычна прыгожая – празрысты крыж у чырвоных кроплях…

Настаяцелі Ільінскай царквы ў Вуйвічах занатоўваюць адзнакі тэмпературы паветра ў ярдань. Паводле гэтай хронікі, асабліва халодным выдаўся пачатак 1950 г.: - 35. Праз чатыры гады зноў тэмпература была за - 30. А ў 1970-м - 32. Затое ў апошнія паўтара дзесятка гадоў пра сапраўдную зіму людзі забыліся. Наступствы глабальнага пацяплення. У шэсць апошніх зім тэмпература на Піншчыне была блізкая да 0, а ў 2007 - нават +6,3 градуса.

Сёлета вернікі кажуць, што крыжы з лёду паўстануць на старым рэчышчы Прыпяці. А пасля ярдані людзі звернуцца да стыхіі з прароцтвам:

– Трашчы, мароз, не трашчы, а мінулі Вадохрышчы.
Дуй вецер, не дуй, не да Раства пайшло, а да Вялікадня.

Бюлетэнь Онлайн

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі