Пакуль “Сірожа” змагаецца з ветранымі млынамі, “Саша” робіць рэвалюцыю

Вядомы герой беларускіх альтэрнатыўных калыханак “Саша” ці мастак Аляксей Хацкевіч робіць у галерэі “Ў” сапраўдную рэвалюцыю — выстаўляе пазітыўныя вобразы. Яго абстрактна-рэалістычны жывапіс адчыняецца там, дзе звычайна пануе “змрочнае” канцэптуальнае мастацтва.
 
 
“Мне падабаецца, што тут ёсць прадукт, па якім бачна, што мастак хаця б “закончыў”, маляваць умее, а не нейкія паперкі ці какашкі на сценах з тонай тэксту, якая апраўдвае творчую нежыццяздольнасць”, — кажа Еўрарадыё сябра мастака, музыка з Drum Ecstasy Філіп Чмыр. Але адзначае, што дадзеную выставу сучасным мастацтвам назваць складана, бо ёй не хапае падачы.
 
 
Сам мастак Аляксей радуецца, што яго экспазіцыя адрозніваецца ад усяго, што дагэтуль было ў галерэі “Ў”, і тлумачыць, чаму яго выстава пазітыўная:
 
“Вось Сярожа [Сяргей Міхалок, — Еўрарадыё] кажа, што сучаснае мастацтва мусіць бударажыць, і я з ім згодны. Але чамусьці людзі для бударажання выбіраюць мінусы — малююць нейкую крывішчу, чарнуху, голымі скачуць, а мне больш падабаецца бударажыць “плюсамі”, добрым настроем: коцікамі, кветачкамі, усім такім”.
 
 
На карцінах, якія можна ўбачыць на выставе “D.A.R.”, шмат светлых вобразаў дзіцячай чысціні. І гэта не супадзенне: менавіта дзеці Аляксея Хацкевіча стала ўдзельнічаюць у напісанні твораў. Напрыклад, самая свежая, “Дзяцінства”, напісаная ў супрацоўніцтве з 6-гадовым сынам Пятром.
 
“Я даю палатно дзіцяці, ён малюе там сваё, а я пасля дапаўняю. І гэты мікс выглядае вельмі энергетычна свежа, — распавядае мастак Хацкевіч.  Бо, ведаеце, шмат якія мастакі (Пікасса, Міро) спрабавалі маляваць як дзеці. Але я лічу, што лепш за дзяцей ніхто не намалюе “як дзеці”.
 
 
Карціну “Дзяцінства”, дарэчы, мастак ацаніў амаль у 15 тысяч долараў. Але ёсць працы і таннейшыя, па 8003000 долараў. Нават і бясцэнныя — уласна, карціна “Саша і Сірожа” з далёкага 2004 года. Гэтае гістарычнае палатно аўтар пазычыў з дома Сяргея Міхалка, каб паказаць на выставе.
 
Калі хочаце ўбачыць на ўласныя вочы — то часу ў вас да 20 верасня. Толькі падказка: шукаць карціну, якая не прадаецца, трэба не ў цэнтральнай зале, а… ў краме галерэі.
 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі