Вы тут

Пакінуць здароўе. Чым рызыкуюць мігранты на мяжы?

Мігранты чакаюць беларускіх прадуктаў харчавання / wsj.com

Другі тыдзень існуе стыхійны лагер з мігрантамі на мяжы Беларусі і Польшчы. Паводле ацэнак польскіх памежнікаў, у ім знаходзілася на піку 4000 чалавек, якія існавалі ў самых неспрыяльных умовах. Сярод насельнікаў лагера былі старыя і дзеці.

Еўрарадыё на ўмовах ананімнасці паразмаўляла з лекарам пра тое, пад якую небяспеку падпадае здароўе людзей у стыхійным лагеры.

COVID-19, грып і прастуда

Першая хвароба, якая прыходзіць у галаву — каранавірус. Ён нікуды не дзеўся, ад яго не схавацца [сенатар Віктар Лісковіч заявіў, што мігрантаў на мяжы будуць прышчапляць ад COVID-19. Адзін выпадак кавіду ўжо зафіксаваны. — Еўрарадыё]. Цяпер расце колькасць захворванняў сярод прышчэпленых. І пытанне толькі ў тым, як цяжка праходзіць хвароба. А ў такіх умовах, як у лагеры ў Брузгах, цяжка будзе праходзіць кожная хвароба.

Той жа грып, які нікуды не дзеўся. Ён таксама распаўсюджваецца, і гэта цяжкая хвароба. Ад яго таксама людзі паміраюць.

Уяўляе пагрозу і самая звычайная прастуда, якую мігранты там распаўсюджваюць і ніякімі сродкамі аховы, маскамі або антысептыкамі напэўна не карыстаюцца.

Наўрад ці там практыкуецца нейкая сацыяльная дыстанцыя. Таму варта толькі нейкай невялікай колькасці людзей адначасова захварэць, і думаю, што вельмі хутка гэтая хвароба распаўсюдзіцца проста на ўсіх.

Хранічныя захворванні

Яшчэ я думаю, што сярод іх ёсць людзі, якія ўжо маюць нейкія хранічныя захворванні. Мяркуючы па тым, што я бачыў у інтэрнэце, сярод іх ёсць інваліды. Складана сабе ўявіць, на што разлічвае чалавек з інваліднасцю, але тым не менш. Вельмі часта гэта заканчваецца запаленнем лёгкіх.

Хутчэй за ўсё, гэта будзе пачынацца з якога-небудзь віруса, потым да гэтага далучаюцца бактэрыі, усё гэта будзе праходзіць вельмі цяжка. І калі такая гісторыя на самай справе адбудзецца — будзе досыць вялікі адсотак загінулых.

Холад

Другая вялікая праблема, што прыходзіць у галаву, — гэта халодная вада, з якой яны пастаянна кантактуюць. Я бачу кадры ў навінах, і ствараецца ўражанне, што яны там пастаянна ходзяць дзесьці па калена ў вадзе ў балотах, пастаянна кудысьці пераходзяць.

Доўгае нашэнне мокрага абутку нават пры такой тэмпературы, немінусавой, блізкай да нуля, тоіць у сабе небяспеку "траншэйнай ступні". Гэта фактычна абмаражэнне, толькі расцягнутае ў часе. І канчаецца гэта часцей за ўсё гангрэнай.

Спачатку адміраюць пальцы, а ў выніку ўсё заканчваецца сэпсісам, папросту "заражэннем крыві".

Пры нізкіх тэмпературах можа наступіць смерць ад агульнага пераахаладжэння. Часцей за ўсё смерць надыходзіць у выніку парушэння рытму. Як правіла, гэта адбываецца, калі пераахалоджанага чалавека знаходзяць і пачынаюць няправільнымі спосабамі "адкачваць".

У гэты момант адбываецца фатальнае парушэнні рытму і ён памірае. Думаю, што такое не выключана. Ці ён проста замерзне да смерці, калі яго не знайшлі.

Што трэба рабіць?

Першае, што трэба зрабіць, — гэта перамясціць усіх людзей у нейкае цёплае памяшканне і займацца іх здароўем. А пусціць лекараў аглядаць стыхійна пабудаваныя палаткі — не мае сэнсу. Гэта паўмера.

Мяркуючы па тым, у якіх умовах працуюць беларускія лекары, пад якой нагрузкай знаходзіцца беларуская медыцына, рэсурсы на паўнавартасны лагер для мігрантаў знайсці будзе складана. А трэба разгортваць асобны шпіталь для 4000 чалавек!

Мігранты ўяўляюць рызыку для Еўропы, калі іх пусцяць заўтра ў краіну?

У Польшчы прадугледжаны каранцін для ўсіх, хто ўязджае легальна ці нелегальна. Пасля дзесяці дзён каранціну прадугледжаная працэдура абследавання. Яна ў нейкай ступені фармальная, але тым не менш моцна хворых людзей выявяць. У чалавека будзе магчымасць заявіць пра сваё дрэннае здароўе, нейкую хваробу.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.