Вы тут

Пах гару і смог у Мінску: сіноптыкі адпраўляюць у МНС, а ў МНС усё спакойна

Смог над Мінскам / TUT.by

25 красавіка ў Мінску з'явіўся пах гару, у некаторых раёнах заўважаны смог. У якасці прычыны называюцца пажары на тарфяніках на поўдні Беларусі ці пажары ў наваколлі сталіцы. Еўрарадыё высветліла ў сіноптыкаў і ратавальнікаў, адкуль жа ўзяўся пах гару ў Мінску.

"Каля Мінска пажараў у экасістэмах не зафіксавана. Калі хтосьці бачыць такі пажар — неадкладна тэлефануйце нам па нумары 112 або 101", — паведаміў афіцыйны прадстаўнік МНС Віталь Навіцкі. Крыху пазней ён дадаў, што становішча ў лясах і на тарфяніках ратавальнікі праверылі нават з паветра, але "нічога не выяўлена".

Спецыялісты праманіторылі абстаноўку па Мінску і лесапаркавых тэрыторыях у раёне МКАД, аднак і тут, па словах Віталя Навіцкага, “усё спакойна”.

“Людзі прыбіраюць агароды, магчыма, што-небудзь паляць”

"У Мінску нічога не адбываецца, але на поўдні краіны ёсць пажары, — кажа Еўрарадыё дзяжурны сіноптык Белгідрамета. — Мінску пакуль нічога не пагражае. Наогул, лепш тэлефанаваць у МНС. МНС лепш ведае, што адбываецца ў краіне, а мы проста назіраем за надвор'ем. Надвор'е сонечнае, цёпленькае, з-за гэтага пажары могуць быць, дажджоў нідзе няма, у бліжэйшыя суткі яны не прадбачацца. Сітуацыя пажаранебяспечная".

Ці можа пах гару даносіцца да сталіцы з поўдня Беларусі, дзе гараць тарфянікі?

"Я думаю, што гэта занадта далёка, наўрад ці, — кажа дзяжурны сіноптык. — Але людзі прыбіраюць агароды, магчыма, што-небудзь паляць, адсюль і пах".