Вы тут

Паглядзіце, колькі пластыку на берагах Нёмана. Нядаўна там масава гінула рыба

Пластыкавая крошка ў зямлі / Фота: Яўген Філімонаў​

Прапанаванае ўладамі тлумачэнне мору рыбы ў Нёмане не да канца задавальняе эколагаў.

"Афіцыйны вынік аналізу забору вады: балотныя воды, кіслароднае галаданне. Але мы праводзілі тут даследаванні, выявілі масу крыніц забруджвання. Самі па сабе яны выклікаць мор рыбы не маглі, але адмоўна ўплывалі на экалагічную абстаноўку. Скіды пластыку, скіды іншых рэчываў у раку. Экасістэма вадаёма знаходзіцца ў няўстойлівым стане, шмат забруджвальнікаў. Спалучэнне пэўных фактараў або ўнясенне аднаго хімічнага складніка прывяло да такой катастрафічнай шкоды", — расказвае Еўрарадыё Яўген Філімонаў, старшыня ГА "Экаманіторынг".

Да цяперашняга моманту мор рыбы ў рацэ спыніўся.

"Экаманіторынг" плануе звярнуць увагу прыродаахоўных арганізацый на тое, што дзясяткі квадратных метраў на берагах Нёмана засыпаныя пластыкавай крошкай. Яе паходжанне незразумелае.

 

Пластыкавай крошкай забруджаны дзясяткі квадратных метраў / Фота: Яўген Філімонаў

"Там побач ёсць прадпрыемствы па вытворчасці біядабавак для жывёл, палімернай прадукцыі. Пластыкавая крошка можа належаць другпалімеру. Ва ўсе арганізацыі будзе адпраўлены запыт, каму належыць крошка. На працягу тыдня будзе атрыманы адказ", — працягвае Філімонаў.

У сярэдзіне чэрвеня гродзенскія рыбакі забілі трывогу: маўляў, у Нёмане пачала масава паміраць рыба. Знайшлі нават загінулага бабра. Вада на некаторых участках ракі пакрылася алеістай плёнкай і непрыемна пахла.

15 чэрвеня Камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Мінпрыроды расказаў, што рыба гіне праз спякоту. Тэмпература вады ў Нёмане паднялася, знізілася канцэнтрацыя кіслароду.

Але такія наступствы мог выклікаць і зліў у раку тэхнічных вадкасцяў. Таксама ёсць здагадка, што мор рыбы выкліканы змытымі ў ваду хлорзмяшчальнымі сродкамі, якімі вуліцы абласнога цэнтра апрацоўваліся ад каранавіруса. Зрэшты, Яўген Філімонаў лічыць, што гэтая версія не вытрымлівае крытыкі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.