Падвышкі коштаў на газ не выклічуць крызісу ў Беларусі?

Які кошт за газ быў бы для Беларусі крытычным? Эксперты мяркуюць, што нават 500 долараў за 1000 кубаметраў (сярэднееўрапейскі кошт расійскага газу) не былі б катастрафічнымі для беларускай эканомікі.  Кошт расійскага газу для Беларусі ў 2009 годзе можа скласці каля 250 долараў за 1 тысячу кубаметраў. Пра гэта заявіў амбасадар Расіі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў. У той жа час сярэднееўрапейскі кошт расійскага газу, паводле заяваў “Газпрому”, складзе 500 долараў за 1000 “кубоў”. Міжтым урад Беларусі адной рукою закладвае ў бюджэт Беларусі цану на газ на 2009 год у 140 долараў, а другой бярэ стабілізацыйны крэдыт у таго ж прадаўца газу на 2 млрд. долараў.

“Еўрарадыё” пацікавілася ў эканаміста Міхала Залескага, які кошт за газ быў бы для Беларусі крытычным. На думку эксперта, мы б вынеслі нават кошт у 500 долараў за 1000 кубаметраў. 

Міхал Залескі: - Крытычная цана – вышэй за сусветную. Так, 500 мы б вытрымалі. У нас цяпер рост ВУП ідзе 10-11%, а так будзе 0,3% на год. Потым давядзецца рабіць рэструктурызацыю, прыватызацыю, падціснуць пасы. Гэта антыгуманна, але гэта гістарычна лепей, чым вісець на чыімсьці павадку, чакаючы, калі цябе адрэжуць. Пазычаць – дык трэба аддаваць потым. Мы ўжо напазычаліся да таго, што адно абслугоўванне гэтых пазыкаў патрабуе мільярда долараў на год, пачынаючы з 2009-га.  Мы можам узяць яшчэ столькі ж. Але тады трэба выплочваць 2,5 млрд штогод.

На думку эканаміста, найбольш ад падвышак пацерпяць буйныя прадпрыемствы нафтахіму. Той жа гарадзенскі “Азот”, які спажывае 10% ўсяго газу ў Беларусі. А вось як адаб’юцца падвышкі на простых беларусах?

Міхал Залескі: - Адбудзецца рэдукцыя спажывання ў самых малазабяспечаных групах насельніцтва. У больш забяспечаных групах насельніцтва адбудзецца пераразмеркаванне сямейнага бюджэту на карысць паліўнага блоку. І ўсё.

Вядомы аналітык нафтагазавага сэктару Andrzej Szczesniak (Польшча) ў інтэрв'ю “Еўрарадыё” паведаміў:

Анджэй Шчэсьняк: - Галоўным чынам ад падвышак коштаў церпяць буйныя прадпрыемствы хіміі і нафтахіміі. І гэты рост коштаў прыводзіць да таго, што прадпрыемствы шукаюць альтэрнатывы газу, напрыклад, пераробкі вугля ў газападобныя фракцыі. Кожная падвышка газу аднак робіць нашу хімічную прамысловасць менш канкурэнцыйнай. Цяжка акрэсьліць, які кошт за газ быў бы для Польшчы непад’ёмны. Гаспадарчага крызысу ў Польшчы не выкліча разавая падвышка коштаў на газ, затое можа выклікаць недахоп паразумення ў справе аб’ёму паставак. У наступным годзе будуць на гэты конт перамовы, я спадзяюся, яны пройдуць паспяхова.

У інтэрнэце на партале biznes.onet.pl карыстальнікі паведамляюць пра тое, што Польшча плоціць Расіі за газ па 300 долараў за 1000 кубамэтраў. Спадар Шчэсьняк кажа, што Польшча плоціць болей.

Анджэй Шчэсьняк: - Мне складана сказаць пра канкрэтны кошт. Цэны на газ у нас ахопленыя формулай дзяржаўнай таямніцы. Гэта кепская сітуацыя, бо таямніца ўкладняе дыскусію пра цану на газ. Кошт экспарту расійскага газу - паміж 400 і 500 долараў, значыць, цана для Польшчы трохі ніжэйшая, але не нагэтулькі, каб газ каштаваў 300 долараў. Калі “Газпром”, як абяцае, падыме сярэднееўрапейскі кошт да 500 долараў, гэта не выкліча крызісу ў Польшчы. Падвышка толькі азначае, што не развіваецца польскі газавы сектар і вельмі сур’ёзна меншае пакупніцкая здольнасць гаспадаркі і спажыўцоў.  

Фота - photo.bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі