Падпаленая падстанцыя ў Белгарадзе і абмен палоннымі — 418-я раніца вайны

Украінскія вайскоўцы, якія вярнуліся з палону / facebook.com/GeneralStaff.ua
Украінскія вайскоўцы, якія вярнуліся з палону / facebook.com/GeneralStaff.ua

У Славянску напярэдадні завяршыліся выратавальныя работы на месцы пяціпавярхоўкі, куды трапіла расійская ракета. З-пад завалаў дасталі 15 чалавек. Пяць з іх, у тым ліку 14-гадовую дзяўчынку, удалося выратаваць. Яшчэ 10 чалавек, сярод якіх двухгадовы хлопчык, загінулі. Усяго ў выніку атакі, якая здарылася ў мінулую пятніцу, тут загінулі 15 чалавек, яшчэ 24 былі параненыя. Пра гэта паведаміў кіраўнік Данецкай вобласці Павел Кірыленка.

Учора, на праваслаўны Вялікдзень, абстрэлы працягваліся. За суткі расіяне нанеслі па тэрыторыі Украіны 25 ракетных удараў з ЗРК С-300, а таксама 42 авіяцыйных удары. Пра гэта гаворыцца ў ранішняй зводцы Генштаба УСУ. Ёсць загінулыя і параненыя сярод мірнага насельніцтва, разбураныя і пашкоджаныя шматпавярховыя і прыватныя жылыя дамы, грамадзянскія навучальныя ўстановы, бальніцы і нават цэрквы. Цэрквы, у прыватнасці, пацярпелі ў Запарожскай і Днепрапятроўскай абласцях. У Нікапалі (гэта Днепрапятроўская вобласць) па храме ўдарылі з цяжкай артылерыі, раненні атрымалі два чалавекі.

Што тычыцца сітуацыі на фронце, то расіяне, са слоў украінскіх вайскоўцаў, па-ранейшаму засяроджваюць "асноўныя намаганні на вядзенні наступальных дзеянняў на Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Мар'інскім кірунках". Актыўна прымяняюць тут авіяцыю. У эпіцэнтры баявых дзеянняў застаюцца Бахмут і Мар'інка. На працягу сутак на гэтых участках фронту сілы абароны Украіны адбілі больш за 60 нападаў.

Горящая подстанция в Белгороде и пасхальный обмен пленными — 418-е утро войны
Пяціпавярхоўка ў Славянску, у які трапіла расійская ракета / @pavlokyrylenko_donoda

Выбухі мінулай ноччу гучалі і ў расійскім Белгарадзе. Мясцовыя Telegram-каналы пісалі пра праблемы з электразабеспячэннем у горадзе. Улады рэгіёну пацвердзілі "пажары на грамадзянскіх аб'ектах".

"У Белгарадзе і Белгарадскім раёне зафіксаваныя два пажары на грамадзянскіх аб'ектах. Пацярпелых няма. Усе аператыўныя службы на месцы, ідзе ліквідацыя пажару", — пісаў ноччу губернатар вобласці Вячаслаў Гладкоў. Пазней ён удакладніў, што абодва пажары патушаныя.

У Маскву напярэдадні прылятаў міністр абароны КНР Лі Шанфу. Ён сустрэўся з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным. Пуцін на гэтай сустрэчы заявіў, што адносіны РФ і Кітая "добра развіваюцца па ўсіх напрамках, у тым ліку і па лініі ваенных ведамстваў". Паводле яго слоў, Расія і КНР рэгулярна абменваюцца "карыснай інфармацыяй і праводзяць сумесныя вучэнні". Цытаты прыводзіць ТАСС.

А міністр абароны КНР са свайго боку заявіў, што адносіны дзвюх краін "пераўзыходзяць ваенна-палітычныя саюзы халоднай вайны". Нагадаем, у сакавіку ў Маскву прылятаў кіраўнікі Кітая Сі Цзіньпін. Пасля гэтага ў Пекін размаўляць пра вайну ва Украіне ездзілі прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон і прэзідэнт Еўрапейскай камісіі Урсула фон дэр Ляен.

Кіеў не бачыць, каб расійскія вайскоўцы ўжывалі на фронце кітайскую зброю. Пра гэта заявіў сакратар Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Аляксей Данілаў. Інфармацыя, што Кітай пагадзіўся перадаць Расіі смяротную зброю, была ў злітых дакуменах Пентагона.

"Калі б яно тут з'явілася, вы памятаеце, калі з'явіліся іранскія ўдарныя беспілотнікі, мы адразу пра гэта зрабілі заяву. Мы іх разабралі, як той казаў, па костачках, і нават дадзеныя тых краін, кампаненты якіх там былі выкарыстаныя. Мы да іх звернемся афіцыйна, з пытаннем, чаму так адбылося і гэта трэба абавязкова спыніць. Кітайскага ўзбраення мы цяпер на нашым фронце не бачым", распавёў Данілаў у інтэрв'ю ТСН. На думку Данілава, пазіцыя Кітая нейтральная — "яны не падтрымліваюць ні адзін, ні другі бок".

Украіна можа атрымаць ад Канады грузавы самалёт АН-124 (таксама вядомы як "Руслан"), які належыць Расіі. Пра гэта распавёў украінскі прэм'ер-міністр Дзяніс Шмыгаль па выніках свайго візіту ў Канаду.

"Новы пакет санкцый супраць Расіі ад Канады. У прыватнасці, супраць кампаніі "Волга-Днепр". Рыхтуемся да канфіскацыі самалёта АН-124 і іншых актываў агрэсара ў Канадзе і перадачы іх на карысць Украіны", напісаў Шмыгаль. Нromadske нагадвае, што ў сакавіку 2022 года ўкраінскі суд прыняў рашэнне арыштаваць 12 самалётаў АН-124-100 "Руслан", якімі валодае найбуйнейшы расійскі камерцыйны авіяперавозчык "Волга-Днепр". Шэсць гэтых самалётаў знаходзяцца ў Расіі (плюс, верагодна, яшчэ адзін), адзін борт — у Турцыі, а астатнія чатыры — у Еўропе і Канадзе.

Украіна з пачатку вайны, з 24 лютага 2022 года, вярнула ва Украіну з расійскага палону 2235 чалавек, пра гэта паведаміла намесніца міністра абароны Ганна Маляр. На днях яшчэ 130 украінцаў вярнуліся дадому ў рамках Велікоднага абмену палоннымі. Гэты абмен адбываўся на працягу некалькіх дзён і ў некалькі этапаў. Дадому вярнуліся салдаты і сяржанты, якія ваявалі на Бахмуцкім, Саледарскім, Запарожскім і Херсонскім напрамках.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі