Вы тут

"Падмяць пад дзяржаву татальна": эксперты пра небяспеку прапаганды ў Беларусі

Сяргей Чалы і Ягор Лебядок / Еўрарадыё

— Палітыка павінна быць усюды, — лаканічна апісвае мэту выступу Аляксандра Лукашэнкі на ўсебеларускім педсавеце незалежны аналітык Сяргей Чалы.

— Вельмі няправільная пазіцыя, што ніхто гэтую прапаганду не слухае. На жаль, як мінімум чуюць яе ўсе, — адзначае ваенны эксперт Ягор Лебядок.

Еўрарадыё сабрала меркаванне экспертаў, якія разважаюць пра распаўсюд прапаганды ў Беларусі ад калыскі да магілы і супрацьдзеянне ёй.

 

Прапаганду "не слухаюць", але чуюць

— Няхай гэта будзе лухта ад Азаронка або калі ваенрук чытае метадычку — усе гэта чуюць, — кажа Ягор Лебядок. — А калі чуюць на працягу некалькіх гадоў, гэта становіцца натуральным для нас фонам. Вось яшчэ на што накіраваная прапаганда — на фармаванне натуральнасці. Напрыклад, калі гавораць пра карупцыю, гэта нівелюе ўспрыманне ўзроўню карупцыі. Дапусцім, бельгіец, убачыўшы паведамленне пра карупцыю, будзе больш жорстка на яго рэагаваць, чым расіянін, у якога карупцыя — натуральны фон.

Ніколі не вядзіцеся на тое, што прапаганду не слухаюць, маўляў, глупства і нецікава. Усё правільна, але калі гэта пастаўлена на працяглы паток, то заўсёды, на жаль, працуе.

Нельга выхоўваць ні дзіця, ні дарослага ўсяго адной размовай, маўляў, не слухай, гэта глупства. Ніколі эфекту такое выхаванне не займее. І выхаванне, і процідзеянне прапагандзе — сістэмная праца, па-іншаму і быць не можа.

Пагроза дыктатарскай сістэме

— Па сутнасці, задача стаіць адна — зрабіць з беларусаў тое, што ў Расіі: сталіністаў, манархістаў і праваслаўных. Праваслаўных — таму што ўсе астатнія канфесіі — "чужыя і варожыя", а нам патрэбна свая кіраваная царква. Зразумела, што будзе жорстка ўводзіцца праваслаўе. Савецкі Саюз, Сталін, усё добра — догма.

Калі паслухаць Лукашэнку і паспрабаваць зразумець, на каго ён арыентуецца, то гэта якраз расійская прапаганда. Проста цяпер яна будзе экстрапалявацца на беларусаў і рабіць з беларусаў расіян. Як ён сказаў, што беларусы нічым ад іх не адрозніваюцца. Таму па рэлігіі тут усё зразумела.

Выступаючы на педсавеце, міністр адукацыі Ігар Карпенка паспрабаваў сказаць, што чалавек і яго мысленне пачынае фармавацца яшчэ ў дзіцячым садзе. "Будзь свабодны, але нясі сам за сябе адказнасць" або "падпарадкоўвайся і чакай, калі хтосьці цябе пахваліць", "глядзі, як цябе ацэняць аўтарытэты" — гэта ўсё пачынаецца ў першую чаргу ў сям'і і ўжо потым — у садках. І вядома, калі, як у нас прынята, надаваць дзіцяці выспяткаў — "туды не хадзі", "сядзі так", "малюй правай рукой" і гэтак далей, — гэта выразна фармуе чалавека з жорсткай сістэмай падпарадкавання.

Калі садкі працуюць па прынцыпах свабоды — "сам выбірай", "сам рухайся, але ўсведамляй адказнасць", — выхоўваецца ўжо іншы чалавек. Натуральна, такія людзі — пагроза дыктатарскай сістэме. Фактычна вось што хацеў сказаць Карпенка [чыноўнік назваў прыватныя сады і школы "апорнымі пунктамі для каляровай рэвалюцыі". — Еўрарадыё].

Ён кажа, што трэба ўсю сістэму выхавання і наогул усё, што датычыцца людзей, падмяць пад дзяржаву татальна. Словамі Лукашэнкі — "навесці парадак". Гэта значыць, павінна быць грамадства татальнага падпарадкавання і, адпаведна, уся сістэма, дзе задзейнічаныя людзі ад нараджэння да смерці, — гэта ўсё павінна быць завязана на дзяржаве, гэта значыць — на падначаленні ўладзе Лукашэнкі.

Патрыятызм — гэта зусім не любоў да бягучай улады

— Спорт, вучоба і ўсё, што можа быць па-за палітыкай, азначае тое, што там не павінна быць ніякай палітыкі, акрамя дзяржаўнай, — нагадвае пра тое, што казаў Лукашэнка, Сяргей Чалы. — Фактычна менавіта гэты тэзіс і прагучаў. Адукацыя — не сфера паслуг, не бізнес, а плён нашай дзяржаўнасці. Выхавальнік і настаўнік фармуюць нацыянальную ідэнтычнасць.

Далей з гэтага ішоў нейкі вельмі дзіўны пераход у бок патрыятызму, які разумеецца менавіта як любоў да дзяржавы, дакладней нават — да кіраўніцтва гэтай дзяржавы. Не да радзімы.

Гаворачы пра тое, што ніякая школа не застаецца па-за палітыкай, а палітыка можа быць толькі дзяржаўнай, ён прыводзіць шэраг краін. На самай справе ва ўсіх нармальных краінах, не лічачы, можа, Расіі і Кітая, разумеюць, што патрыятызм — гэта зусім не любоў да бягучай улады, а любоў да краіны і да дзяржаваўтваральных прынцыпаў, якія прадугледжваюць змяняльнасць улады і гэтак далей.

Больш за тое, у многіх краінах у разуменні патрыятызму важным прынцыпам ёсць супраціў магчымай узурпацыі ўлады, паколькі народы многіх краін пачыналі будаваць сваю дзяржаўнасць з супрацьстаяння тыранам.

Нам кажуць, што неабходна весці аналіз падзей з пазіцыі інтарэсаў дзяржавы, што патрыёта можа навучыць толькі патрыёт, але мы памятаем, што "прэзідэнта можа навучыць толькі прэзідэнт".

І вельмі смешна было пачуць ад Лукашэнкі пра тое, што "можна і задачу па хіміі сфармуляваць так, што дзіця будзе ганарыцца сваёй краінай. І наадварот". Шчыра кажучы, з цяжкасцю магу сабе ўявіць, як можна сфармуляваць так задачу па хіміі, але, відаць, у яго ўяўленні гэта магчыма.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.