"Пад прэсам": Іншагароднія змогуць працаваць у Мінску без прапіскі

З 1 студзеня ў Мінску можна будзе працаваць без прапіскі. На працягу 15 мінулых гадоў, каб працаваць у сталіцы, жыхары іншых рэгіёнаў краіны мусілі атрымаць на тое дазвол Мінгарвыканкаму, а кіраўнік прадпрыемства – заплаціць за іншагародняга супрацоўніка 500 базавых велічынь. З адменай інстытута прапіскі адмяняюцца і гэтыя абмежаванні. Таму, не дзіўна, што беларускія СМІ бачаць пазітыўны бок адмены прапіскі.
“Народная газета”, “Звязда”, “Советская Белоруссия” і іншыя дзяржаўныя выданні пішуць:

— парадак, які дзейнічаў апошнія 15 год, камусьці істотна папсаваў нервы;
— парадак запрашэння іншагародніх грамадзян на працу ў Мінск супярэчыў патрабаванням часу.

Абмежаванні, якія існавалі – супярэчаць рэаліям сённяшняга дня, таму, з
1 студзеня 2008 года наймальнікі атрымаюць права браць на працу
іншагародніх людзей без працэдуры узгаднення, што станоўча паўплывае на
рынак працы ў Мінску, - піша газета “Звязда”:

“Цяпер у Мінску назіраецца значны дэфіцыт працоўнай сілы. Па стане на 1
верасня на ўліку ў службах занятасці горада было зарэгістравана 3910
чалавек і адначасова тут жа мелі звесткі аб наяўнасці 19 344 свабодных
працоўных месцаў

Актуальнае пытанне іх запаўнення, а гэта нерэальна без прыцягвання працоўнай сілы з рэгіёнаў”
.

Артыкул у “Советской Белоруссии” таксама кажа пра тое, што адмена
прапіскі “дазволіць задаволіць патрабаванні мінскіх агранізацыяў у
спецыялістах, а таксама попыт іншагародніх грамадзян на
працаўладкаванне ў Мінску”.

Але гаворачы пра “значны дэфіцыт рабочай сілы”, варта зазначыць, што
асноўная частка вакансій у сталіцы разлічана на прадстаўнікоў рабочых
спецыяльнасцяў:

“Гораду патрэбныя муляры, зваршчыкі, кіроўцы, штукатуры... ”, - піша “Народная газета”.

Агульнае бачанне сітуацыі дзяржаўнымі беларускімі СМІ можна выказаць
наступным чынам – адмена прапіскі станоўча паўплывае на рынак працы
Мінска.

Цікава, што яшчэ год таму і “Советская Белоруссия”, і іншыя дзяржаўныя
газеты гаварылі зусім па-іншаму – казалі пра тое, што пасля адмены
прапіскі, людзі будуць масава збягаць з правінцыі, што пасля наплыву ў
Мінск іншагародніх, мінчукам не будзе хапаць працоўных месцаў:

“Да таго ж мінскія спецыялісты могуць не знайсці працу ў родным горадзе з-за таго, што на іх месца ўзялі іншагародняга”.

Такія ж спецыялізаваныя выданні як “Дырэктар”, “Нацыянальная
эканамічная газета”
яшчэ ў 2003 годзе пісалі пра неабходнасць міграцыі
працоўнай сілы, заклікалі да ліквідацыі інстытута прапіскі, які зніжае
мабільнасць працоўнай сілы:

“Працоўная сіла – такі ж рэсурс, як зямля і капітал. Такім жа чынам як
існуе міграцыя капітала, павінна існаваць і міграцыя працоўных
рэсурсаў. Інвестыцыі ідуць у тую вытворчасць, дзе можна атрымаць
максімальную аддачу. І людзі павінны мець магчымасць ехаць туды, дзе на
цяперашні момант найбольш спрыяльныя ўмовы.

Акрамя гэтага замена
прапіскі рэгістрацыяй у Мінску створыць аднолькавыя стартавыя ўмовы для
ўсіх жыхароў рэспублікі”.

Зазначым і тое, што плата ў 500 базавых велічынь за іншагародняга
супрацоўніка тлумачылі тым, што “ён карыстаецца транспартам, жыллём і
медыцынскімі паслугамі на роўных з мінчукамі, таму яго новае
кіраўніцтва павінна было вярнуць гораду выдаткі – каля 500 базавых
велічынь на нос”, - пісала летась “Советская Белоруссия”.

З наступнага года гэта працэдура скасоўваецца, але гэта не азначае, што
цяпер іншагароднім працаўладкаваца ў Мінску будзе проста – без
бюракратычных працэдур. Прапіску адменяць, але ўвядуць рэгістрацыю,
якая па вялікім рахунку ад прапіскі мала чым адрозніваецца.