Пад прэсам #13: Беларусь і Грузія вяртаюцца ў савецкія часы. У 1984 год па Оруэлу

Нечаканы візіт прадстаўніка прэзідэнта Грузіі ў Мінск, і яго сустрэча з прэзідэнтам Беларусі азадачылі журналістаў. Дзяржаўная прэса нязграбна зрабіла выгляд, што да нас прыехаў як мінімум стары сябра, з якім не бачыліся з савецкіх часоў.

Прэзідэнт дапамагаў ім у гэтым як мог.

“Грузіны яшчэ з савецкіх часоў застаюцца для беларусаў блізкімі людзьмі…”, - заявіў Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з кіраўніком грузінскага Міністэрства ўнутраных справаў Вано Мерабішвілі. – Пасля распаду Савецкага Саюзу ў нас ўсялякае было ў адносінах… Мы поўныя рашучасці зрабіць іх больш высокімі, чым у часы Савецкага Саюза. Мы настроеныя на добрыя ўзаемаадносіны з грузінскімі братамі”.

Падхапіўшы гэтую ідэю, дзяржаўная прэса так часта злоўжывала словамі “у савецкія часы”, што ў чытача магло скласціся ўражанне, быццам да нас прыехаў прадстаўнік Эдуарда Шэварнадзэ. Аднак і Міхаіл Саакашвілі атрымаў ад Аляксандра Лукашэнкі добрую прэсу.

Прэзідэнт Беларусі нечакана заявіў, што ў яго склаліся выдатныя адносіны з Саакашвілі. А госць пацвердзіў гэтыя, як мінімум, дзіўныя словы.

Пераўтварэнне “ружовага Мішы” (так назвала прэзідэнта Грузіі “Советская Белоруссия” ў сакавіку 2006 года) ў сябра і нават “брата” адбылося ўсяго за год.

“Думаецца, цяпер самы час працверазіцца нават самым устойлівым рамантыкам “рэвалюцыі ружаў”, якія наіўна мараць несці “дэмакратыю” і “свабоду” за межы Грузіі. Бо нясуць яны зусім не дабрабыт, а хаос, галечу і нестабільнасць”, - пісала тады СБ.

Сёння загаловак у газеце пацвярджае імклівае збліжэнне двух краінаў: “Прямое сообщение Минск — Тбилиси”.

Але калі вяртацца ў савецкія часы, то больш за ўсё у гэтай сітуацыі Беларусі і Грузіі падыдзе год “1984”. Оруэл вельмі дакладна апісваў нешта падобнае:

“Проста стала вядома – раптам і паўсюль адразу, - што вораг – Остазія, а не Еўразія. Калі гэта адбылося, Уінстан як раз удзельнічаў у дэманстрацыі на адной з цэнтральных плошчаў Лондана.

Прамова працягвалася ўжо хвілін дваццаць, як раптам на трыбуну заскочыў кур’ер і падсунуў прамоўцы паперку. Той разгарнуў яе і прачытаў, не перастаючы гаварыць.

Нічога не змянілася ні ў яго голасе, ні ў тым, як ён трымаўся, ні ў змесце прамовы, але імёны раптам сталі іншымі. Без усялякіх словаў па натоўпе пракацілася хваля разумення.

Ваюем з Остазіяй!.. Заднім чыслом Уінстан быў уражаны тым, як аратар змяніў лінію літаральна на паўфразе, не толькі не запнуўшыся, але нават не парушыўшы сінтаксісу. Акіянія ваюе з Остазіяй. Акіянія заўсёды ваявала з Остазіяй…”.

Недзяржаўная прэса згадвала зусім не пра савецкія часы, цытавала Саакашвілі двухгадовай даўніны пра тое, што “ў Беларусі рэжым Лукашэнкі кіруе пры дапамозе страху” і гадала, што азначае гэты “здрадніцкі” візіт.

А ў якасці экспертаў недзяржаўныя СМІ, бадай, упершыню звярнулася да… апазіцыі грузінскім уладам. Самае простае тлумачэнне – Беларусь сябруе з Грузіяй супраць Расіі, як ужо спрабавала “сябраваць” з Еўропай.

“Нядобра нам праз плот глядзець адзін на аднаго, - лічыць цяпер беларускі прэзідэнт. Відавочна, што “плот”, праз які мы адзін на аднаго глядзім, - гэта Расія”, - так зірнула на беларуска-грузінскі плот газета “Комсомольская правда”.

Але гэта не тлумачыць, чаму Грузія паварочваецца да нас. Тут нам можа дапамагчы грузінская прэса. “Коммерсантъ” цытуе важную версію візіта з грузінскіх газет: Беларусь папрасіла Грузію выступіць своеасаблівым пасярэднікам у адносінах з Захадам!

“Не выключана, гэтая сустрэча азначае пераход Беларусі ў іншую геапалітычную плоскасць. Гэта вельмі важная місія для Грузіі”, - гаворыць у інтэрв’ю “Коммерсанту” грузінскі палітолаг Рамаз Сакварэлідзэ.

На яго думку, купляючы квіткі ў Мінск, Грузія абавязкова павінна была парадзіцца з авіядыспетчарамі ў Вашынгтоне. Так што Оруэл нам яшчэ можа спатрэбіцца…

“У рэшце рэшт яму ўдалося пабудзіць яе памяць, і яна з цяжкасцю згадала, што калісьці сапраўды ворагам была не Еўразія, а Остазія. Але аднеслася да гэтага абыякава. “Ці не ўсёроўна?” – сказала яна з раздражненнем. – Ні адна свалачная вайна, дык іншая, і ўсім зразумела, што зводкі маняць”.

Працяг тэма набыла ў суботу на… “Дажынках-2007”. Адказваючы на пытанні журналістаў, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што развіццё адносінаў паміж Беларуссю і Грузіяй не з’яўляецца “сяброўствам супраць Расіі”.

“Расійскія дыпламаты вельмі часта сустракаюцца з грузінскімі калегамі. Мы ж гэта не расцэньваем як сяброўства супраць Беларусі”, сказаў Лукашэнка. У той жа час кіраўнік Беларусі заявіў, што “мы суверэнная дзяржава, якая мае права будаваць адносіны з іншымі дзяржавамі, зыходзячы са сваёй уласнай выгады”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі