Пацыент хутчэй жывы? Што адбываецца і якія перспектывы беларускай культуры

Пацыент хутчэй жывы? Што адбываецца і якія перспектывы беларускай культуры

Адукацыя і культура — гэта падсістэмы грамадства, адказныя за будучыню, кажа дырэктар "Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі" Андрэй Ягораў. Жаданне грамадства да пераменаў у 2020 годзе было падрыхтавана зменамі ў культуры, лічыць эксперт.

“Дзяржава разлічвала на падрыхтоўку лаяльных грамадзянаў, але раптоўна яны аказаліся не такімі, як хацела дзяржава. Чаму так адбылося? Таму што людзі, якія працуюць у сістэме адукацыі, транслявалі іншы змест, які патрабавала сучаснасць. Тое самае можам сказаць пра культуру. Усе значныя дасягненні культуры Беларусі адбыліся ў сфере незалежнай культуры. Самы просты прыклад — нобелеўскі лаўрэат, які фактычна не прызнаны дзяржавай”, — тлумачыць сваю пазіцыю Ягораў.

Аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Вадзім Мажэйка прыгадвае сітуацыю, у якой апынуўся культурны хаб ОК16, створаны пры падтрымцы Белгазпрамбанка.

“Яскравы прыклад — лёс культурнага кластара ОК16, які быў створаны пры падтрымцы Віктара Бабарыкі, уключыўся ў палітычную барацьбу і знік. Усё культурнае жыццё, якое адбывалася дзякуючы пляцоўцы і камандзе ОК16, страціла магчымасць існаваць у Мінску. Прыклад яскравы, але не адзінкавы”, — кажа Мажэйка.

Але ж ён дадае і ноту аптымізму і канстатуе: з культурай, нягледзячы на гэта, усё не блага. Культура не абавязкова павінна развівацца насуперак дзяржаве, лепей бы дзяржава яе падтрымлівала. Але ж і ў такіх умовах беларуская культура выжывае, нешта губляецца, але ствараецца шмат новага.

“Тое, што стварылася дзякуючы салідарнасці грамадства, і гэта дэманструе, як можа падтрымлівацца артыст, творца ў складаныя палітычныя часы. І гэта дэманструе тую запатрабаванасць, якая ёсць у беларускай культуры”, — кажа суразмоўнік.

Ён дадае: дзяржаўная падтрымка — гэта рызыка, бо творчасць можа быць абмежавана той жа дзяржавай. А вось падтрымка грамадства можа быць больш стымуляцыйным і стабільным гарантам існавання творцы і яго творчасці.

А як зрабіць так, каб пра беларускую культуру пачалі гаварыць ва ўсім свеце? Ягораў лічыць, што рэформа ў сферы культуры і адукацыі патрабуе большага ўдзелу грамадства ў кіраванні культурай. І трэба даць магчымасць творчым арганізацыям вызначаць рамкі існавання культурнай палітыкі. Гэтай свабоды не хапае, а без такой аўтаноміі думаць пра развіццё культуры цяжка.
 

А што рабіць з адукацыяй?

Ягораў прыгадвае “Лятучы ўніверсітэт”, “e-club”, якія існавалі ў Беларусі, іншыя адукацыйныя ініцыятывы. Адным словам, людзей, якія маглі б выступіць з прапановамі па рэформе адукацыі, досыць. Але ж першым крокам павінны быць пераходны перыяд, лічыць эксперт.

Пачаць трэба з дэбюракратызацыі, даць больш аўтаноміі і магчымасцяў самакіравання выкладчыкам.

Мажэйка прапануе звяртаць увагу і на такія невідавочныя рэчы, як булінг. Сістэма вучыць дзяцей прынцыпу “мая хата з краю”, але не вучыць кааперацыі. Адсюль і булінг, пра які гавораць радзей, чым пра булінг у тым жа войску.

Але ж дзеці прызвычайваюцца да таго, што булінг — нармальная частка жыцця, гэта адштурхоўвае ад кааперацыі.

Поўную размову з экспертамі глядзіце на Еўрарадыё

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі