Офіс Ціханоўскай абвінавачваюць у сувязях з КДБ — а дзе доказы, довады?

Офіс Ціханоўскай абвінавачваюць у сувязях з КДБ — а дзе доказы, довады?

“Навошта ўкраінскім уладам мець кантакты з КДБшнымі ды ФСБшнымі кансервамі — Офісам Ціханоўскай?” — пытаюцца гледачы падчас эфіру Еўрарадыё.

— Шчыра скажу, што ва Украіне гэта можа не дапамагчы, калі беспадстаўна кідаюцца такімі абвінавачаннямі, — адказвае кіраўнік Кабінета прадстаўнікоў Офіса Святланы Ціханоўскай Валерый Кавалеўскі. — Бо ніхто не можа прад’явіць ніякіх больш-менш пераканаўчых доказаў ці довадаў. 

“Чаму Офіс займаецца піярам асобы Ціханоўскай, а не стварэннем платформы кшталту “Народнага Руху”?” —  яшчэ адно правакацыйнае пытанне ў бок дэмсіл.

— Святлана Ціханоўская на сённяшні дзень — гэта першая асоба ў дэмакратычным руху, — кажа Валерый Кавалеўскі. — Гэта той чалавек, які адчыняе нам дзверы, стварае нам магчымасці. Стварае ўмовы для таго, каб мы вырашалі практычныя праблемы, якія стаяць перад Беларуссю. Святлана Ціханоўская кожны дзень робіць гэтую працу. Яна ўзяла на сябе гэтую адказнасць, яна ад яе не адмаўляецца. Ужо трэці год яе муж знаходзіцца за кратамі. Для яе гэта справа і асабістага выбару — для таго, каб дамагчыся вызвалення свайго мужа. І гэта таксама справа яе грамадзянскай пазіцыі, яе адказнасці як грамадзянкі Беларусі.

— Яна ўступіла ў гэтую кампанію, у палітычнае жыццё з асабістых меркаванняў, — працягвае кіраўнік Кабінета прадстаўнікоў Офіса Святланы Ціханоўскай. — Але зараз для яе гэта стала справай грамадзянскага доўгу, які яна нясе з годнасцю кожны дзень. Наша задача ў гэтых умовах, калі Беларусь перажывае самую жорсткую хвалю рэпрэсій, дамагчыся таго, каб мы перамаглі.

Гэта супрацьстаянне не паміж Святланай Ціханоўскай і Лукашэнкам. Гэта супрацьстаянне паміж беларускім грамадствам і аўтарытарным, дыктатарскім рэжымам Аляксандра Лукашэнкі, які да таго ж падтрымліваецца Расіяй.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі