“Няўстойлівы” праект незалежнасці Косава

Албанцы спрабуюць перапісаць сербскую культурную спадчыну з сярэднявечча ў нейкую асобную, выключна косаўскую спадчыну Афіцыйна ў Косава дзве дзяржаўныя мовы — албанская і сербская. Але ў Прышціне не ўбачыш надпісаў на шыльдах крамаў па-сербску, назвы вуліц толькі па-албанску, не чуваць сербскай мовы ў гутарках мінакоў. І толькі на шыльдах афіцыйных устаноў іх назвы пішуцца на дзвюх дзяржаўных і англійскай мовах. Затое ў Прышціне вельмі шмат мечэцяў, пераважна пабудаваных нядаўна, і… закінутых праваслаўных храмаў. Прынамсі, у тыя храмы і хадзіць не было б каму. Як расказала на сустрэчы з журналістамі з Беларусі, Украіны, Малдовы і Расіі старшыня Сербскага нацыянальнага камітэта па Косава, прафесар Рада Трайкавіч, у Прышціне зараз не засталося жыць ніводнага серба.



Сама яна нарадзілася ў Прышціне, большую частку жыцця адпрацавала ў шпіталі хірургам, але зараз вымушаная жыць у невялічкай вёсцы Чаглавіца, у сербскім анклаве непадалёк ад сталіцы самаабвешчанай дзяржавы. Некалькі год таму, ужо пасля таго, як у Косава быў уведзены міжнародны ваенны кантынгент і яно стала “свабодным, хоць і не незалежным”, працавала ў косаўскім парламенце. Але сыйшла, пабачыўшы, што нічога не ў стане зрабіць для свайго народу.

Рада Трайкавіч: “Першая масавая “зачыстка” неалбанскага несельніцтва была адразу пасля прыходу сюды міжнародных інстытуцый у 1999 годзе. Другі раз усплеск гвалту быў 17 сакавіка 2004 года. І сёння галоўныя кіраўнікі Косава паходзяць з Вызваленчай арміі Косава. А вы ведаеце, што ў нелегальных інстытутах ёсць свая нелегальная культура паводзінаў. Яна ўключае ў сябе злачынствы, забойствы і тое, што ніхто не адказвае за тое, што ён робіць.

Зараз гэтыя лідэры нелегальных арганізацый сталі лідэрамі арганізацый лагальных. І яны захавалі культуру сваіх паводзінаў таго часу. Якая, як і ранней, дазваляе ім дыскрымінацыю, этнічныя “зачысткі” сербаў і безадказнасць. Ніхто з тых, хто нас забіваў, рушыў нашыя храмы і манастыры, не быў пакараны за зробленае”.



Па словах сербскага палітыка, за 10 гадоў у Косава былі цалкам зруйнаваныя 150 манастыроў і храмаў. Сербскае насельніцтва жыве па анклавах — прыблізна 50 тысяч у Паўночным Косава ў Мітравіцах. Астатнія каля 76 тысяч — у невялікіх “рэзервацыях” па ўсёй краіне. У той жа час палітык рэальна ацэньвае магчымасці Белграда па вяртанні “блуднай” правінцыі.

Рада Трайкавіч: “Мне не вельмі зразумелая пазіцыя Белграда, калі яны кажуць, што “паспрабуюць утрымаць Косава”. Акрамя як непрызнаннем незалежнасці. У Белграда няма такога эканамічнага і ваеннага патэнцыяла, каб зноў інтэграваць тэрыторыю Косава”.



У той жа час праект незалежнасці Косава яна назвае “няўстойлівым”.

Рада Трайкавіч: “У Косава няма ні эканамічных, ні іншых патэнцыялаў па забеяспячэнні нармальнага ўзроўню жыцця людзей, каб захаваць сваю незалежнасць. І Сербія не можа паўплываць на ЕС, каб ён навёў у Косава парадак”.



Затое, кажа, калі ЕС прыме Косава ў свой склад, яны цалкам адчуюць на сабе тое, што адчувала Сербія — Косава, сцвярджае палітык, заўсёды было на ўтрыманні метраполіі. Праўда, краіна і зараз на ўтрыманні. Толькі Еўрасаюз за апошнія 10 гадоў сюды “ўкінуў” звыш 3 мільярдаў еўра! А яшчэ былі “ўкідванні” з боку ЗША, Саудаўскай Аравіі, албанскіх дыяспар. Вось толькі да сербскіх анклаваў, сцвяржае Рада Трайкавіч, гэтыя грошы не даходзяць.

Рада Трайкавіч: “Усё, што вы можаце бачыць у сербскіх анклавах, на Поўначы Косава ў Мітравіцах — фінансуе сербскі ўрад. Цалкам сістэмы аховы здароўя і адукацыі. Паколькі мы былі выгнаныя ў анклавы, мы вымушаныя былі тут стварыць усё, да прыкладу, сістэму аховы здароўя. Таму, можна казаць, што дэклараваную шматнацыянальнасць Косава фінансуе сербскі ўрад. І я не выключаю таго, што Белград сваім такім уплывам можа злоўжываць. Бо вы ведаеце, як палітыкі, жадаючы дабіцца палітычных балаў, могуць маніпуляваць насельніцтвам, якое ад іх залежыць”.



Таму яна — прыхільнік ідэі дэцэнтралізацыі ўлады. Каб у сербскіх анклавах былі і свая ўлада, і свае сілы бяспекі, і свае сістэмы аховы здароўя і адукацыі. У гэтым яна бачыць магчымасць захаваць нацыянальную самабытнасць сербаў Косава, іх мову і культуру.

Рада Трайкавіч: “У Косава две дзяржаўныя мовы — сербская і албанская. Але днямі я была ў паліцэйскім пастарунку і большасць інструкцый там на албанскай мове. Усе гарады і вуліцы ў гарадах змянілі свае назвы на албанскія. Албанцы навязваюць сваю мову сербам, якія па-албанску не гавораць і не разумеюць.

Усе помнікі сербскім літаратарам і дзеячам у Прышціне зруйнаваныя. Руйнуюцца цэрквы і манастыры — пануе культурны генацыд. Таму я — за дэцэнтралізацыю. Каб хоць анклавы сербы змаглі напоўніць нацыянальным культурным зместам. У народа ёсць права на сваю дзяржаву, калі ў яго ёсць свая мова, культура і тэрыторыя.

Косава самаабвесцілася дзяржавай. У гэтага народа ёсць свая мова і тэрыторыя, але культуры няма. Зараз улады спрабуюць сербскую культурную спадчыну з сярэднявечча перапісаць у нейкую асобную, выключна косаўскую  спадчыну. Ідзе спроба асіміляцыі сербскай нацыі ў Косава. Але мне падаецца, што гэтая спроба будзе марнай”.

Не прыхільніца былая дэпутат косаўскага парламента, якая зараз ізноў, як і раней, працуе хірургам, крывавага вырашэння пытання сербска-албанскага супрацьстаяння.

Рада Трайкавіч: “Магчыма, сербы Косава маглі б стаць больш радыкальнымі. Але гэта, на мой погляд, шлях да знікнення сербаў на гэтай прасторы. А разам з людзьмі знікне і іх культурная спадчына”.



На лаўцы ля плота суседняга дома сядзелі трое сербаў сталага ўзроўсту. Запытаўся ў іх пра сённяшняе жыццё. Адказалі коратка: шкада краіны, якой у іх не стала, і ўнукаў, якім не вядома як давядзецца жыць у фактычна  чужой ужо для іх краіне. А на развітанне чамусьці сказалі, што не ўхваляюць увядзенне расійскіх войскаў у Грузію. Хаця да іх меркавання можна прыслухацца — не так даўно пад іх вокнамі гучалі стрэлы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі