Нямецкія жаўнеры падаравалі пакалечанаму дэсантніку з Брэста пратэз

Сяргей вітаецца са мной і працягвае правую руку! Гэта немагчыма, але там, дзе зусім нядаўна нічога не было, з’явілася рука. Цісну яе, і здзіўленню прыходзіць канец. Рука халодная. Скурай адчуваю нейкі матэрыял, вельмі падобны да таго, з якога вырабляюць дзіцячыя цацкі. Раптам рэзкі боль. Гэта заўважыў Сяргей. - Выбачай, яшчэ не навучыўся дакладна карыстацца, - кажа хлопец, і згінае тое, што я прыняў за цуд, з дапамогай левай рукі.

У верасні мінулага года малады дэсантнік Сяргей Барысюк удзельнічаў у вучэннях, калі выбухнула самаходная гармата. Хлопец страціў правую руку, былі сур’езна пашкоджаныя барабанныя перапонкі, Сяргей і зараз яшчэ не змог аднавіць свой слых.

Сяргея я сустрэў на вуліцы. Хлопец пехам дабіраўся да Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта, куды ён паступіў на завочнае аддзяленне гістарычнага факультэта. Па знешнім выглядзе дваццацігадовага хлопца не здагадацца, што год таму падчас службы ў 38-й асабістай мабільный брыгадзе ён быў сур’езна паранены.

Напрыканцы мінулага года афіцэры брыгады ў прыватным парадку пачалі збор сродкаў Сяргею. У гэтай справе ім дапамаглі жаўнеры з Саюза рэзервістаў нямецкага горада-пабраціма Брэста - Равенсбурга. Таксама немцы дамовіліся з вядомым у Германіі артапедыстам Францам Маўрэрам, які прыехаў у Брэст і абследаваў былога жаўнера.

Працу па вырабу пратэза зрабіў бясплатна калега Франца Маўрэра. Сабраныя грошы пайшлі толькі на выкарыстаныя падчас яе матэрыялы. Частка з іх была набытая за кошт гарадскога бюджэта Равенсбурга.

Электронная рука не толькі выглядае як сапраўдная. Сяргей можа нават узяць са стала кубак з кавай і націснуць на кнопку пульта тэлевізара. Рука можа згінаць пальцы, паварочвацца, згінацца ў локці. У камплекце з ёй ідзе спецыяльны механізм, які аналізуе напружанне мышцаў на спіне Сяргея, калі той хоча падняць руку ці штосьці ўзяць, пасля чаго ўключаецца электраматор, які згінае руку.

На жаль, Сяргей яшчэ не змог аднавіць свой слых. Гэта патрабуе часу, але слых, хай і не той, што да выбуху гарматы, вернецца, і хлопец зможа гутарыць, не перапытваючы суразмоўцу. Каб не губляць словы іншых, за год ён паспеў навучыцца разумець людзей па вуснах.

фота - http://www.isra.com/

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі