Новы адміністрацыйны кодэкс — таямніца для праваабаронцаў

Новы Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях уступіць у сілу 1 сакавіка 2007 году, то бок, праз два дні. Але адвакаты яшчэ не азнаёміліся з ім. Не без цяжкасцяў нам усё ж удалося знайсці адваката, які прачытаў новы Кодэкс.

Праваабаронца Алег Воўчак занепакоены тым, што ўжо з першага дня вясны давядзецца працаваць, улічваючы папраўкі, аднак папраўкі гэтыя усё яшчэ вельмі цяжка знайсці.

Алег Воўчак: “Пакуль што няма ні судовай, ні пракурорскай практыкі па гэтых зменах. У нас жа як робіцца? Змены не распрацоўваюцца грамадзянскай супольнасцю на працягу паўгода, года. Як гэта будзе ўжывацца, ніхто не ведае. Прымаецца закон, а пасля суддзі ў спешцы пачынаюць працаваць. А тут зусім не застаецца часу для вывучэння”.

Найбольш значныя змены, унесеныя у Адміністрацыйны кодэкс, — гэта павелічэнне штрафаў і сутак арышту. Цяпер пры здзяйсненні некалькіх адміністрацыйных правапарушэнняў, адказнасць накладаецца за кожнае з іх.

Такім чынам, арышт цяпер будзе абмяжоўвацца не пятнаццацю суткамі, а дваццацю пяцю. Праваабаронцы лічаць, што пакаранне не павінна быць такім цяжкім. Даволі складана вытрымаць 25 сутак арышту. Гаворыць Алег Воўчак:

“Я думаю, што гэтыя змены не выпадковыя. Набліжаецца вясна, і, як заўсёды, у нас будуць праводзіцца палітычныя акцыі. Таму я бачу ў гэтым у першую чаргу палітычную падаплёку. І вядома, калі цяпер будуць затрымліваць дэманстрантаў, ім будуць даваць не 15, а 25 сутак, каб наступны раз яны баяліся выходзіць на акцыі пратэсту”.

Акрамя таго індывідуальныя прадпрымальнікі, у штаце якіх няма работнікаў, прыраўноўваюцца цяпер да службовых асобаў. Аб прычынах такіх зменаў разважае Алег Воўчак:

“Па-першае, гэта будуць вялікія штрафы як службовым асобам. Па-другое, цяпер рыхтуюцца забастоўкі індывідуальных прадпрымальнікаў. Іх хочуць узяць пад кантроль, напужаць гэтымі штрафамі і ўскладніць ім працу”.

Але не ўсё так дрэнна. Ёсць у новым Кодэксе і станоўчыя змены. Так, парушальнік не абавязаны даказваць сваю невінаватасць. То бок, з’явілася так званая адміністрацыйная прэзумпцыя невінаватасці.

Яшчэ адна станоўчая змена — пры затрыманні правапарушальніка, той з самага пачатку мае права выклікаць адваката. Праваабаронца можа прымаць удзел ужо пры разглядзе першасных дакументаў, чаго раней не было.

Але калі ўявіць, што кожны затрыманы адміністрацыйны правапарушальнік (нават той, хто пяройдзе дарогу ў нявызначаным месцы ці праедзе ў грамадскім транспарце без білету) будзе патрабаваць адваката, то складзецца напружаная сітуацыя з забеспячэннем затрыманых праваабаронцамі. Няпроста давядзецца і міліцыянтам.

Тым больш дзіўна і заблытана выглядае сітуацыя, калі тое, што напісана ў адшуканым намі новым варыянце Аадміністрацыйнага кодэксу, не супадае з тым, што сказаў нам старшыня пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па заканадаўстве і судова-прававых пытаннях Аляксандр Архіпаў:

“Не, у нас нас не павялічылася ніякіх суткаў арышту. Адміністрацыйны арышт — да пятнаццаці суткаў, па агульных правілах”.

Адзіным выйсцем, каб зразумець, як жа ўсё-такі будзе працаваць новы адміністрацыйны Кодэкс, сёння бачыцца ў тым, каб выпрабаваць яго дзеянне на сабе.


Фота — www.renewnetwork.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі