Нобелеўскую прэмію міру атрымала Арганізацыя па забароне хімічнай зброі

Сёлета на прэмію міру прэтэндавалі 259 намінантаў. Шансы Алеся Бяляцкага букмекеры ацэньвалі як адносна невысокія. У мінулым годзе Нобелеўскую прэмію міру таксама атрымаў не чалавек — яна была прысуджаная Еўрасаюзу “за пераадоленне наступстваў ІІ Сусветнай вайны”.

Арганізацыя па забароне хімічнай зброі была створана 29 красавіка 1997 года, яна займаецца кантролем выкарыстання хімічнай зброі, а таксама спрыяе ў ліквідацыі яе запасаў.

Нобелеўская прэмія міру прысуджаецца штогод Нарвежскім Нобелеўскім камітэтам на ўрачыстай цырымоніі ў Осла. З 1901 года яе атрымалі 90 палітыкаў, грамадскіх дзеячаў і міжнародных арганізацый. Першым лаўрэатам стаў швейцарац Анры Дзюнан. Заснаваны ім Міжнародны саюз таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца ў далейшым атрымаў прэмію тройчы. 19 разоў прэмія не прысуджалася з-за сусветных войнаў або адсутнасці годных кандыдатаў.