Вы тут

Ніна Багінская, Маша Калеснікава і іншыя неверагодныя ў ляльках Ханны Заброцкай

Неверагодныя лялькі Ханны Заброцкай

"Пасля выбараў мне вельмі хацелася чымсьці дапамагчы свайму народу. У адным з паблікаў я прачытала, што кожны беларус можа рабіць хоць што-небудзь. Але што я магу на такой велізарнай адлегласці ад дома? Вырашыла, што буду шыць лялек з партрэтаў герояў Беларусі, дарыць іх, каб падтрымаць людзей, публікаваць фатаграфіі ў сацыяльных сетках і пісаць па-польску для мясцовых пра тое, што адбываецца ў нашай краіне", — расказвае Еўрарадыё беларуска Ханна Заброцка.

Ханна Заброцка

11 гадоў таму дзяўчына пераехала з Пінска ў Польшчу, атрымала філалагічную адукацыю і засталася жыць у горадзе Шчэціне. Ханна ўважліва сачыла за ўсім, што адбывалася на радзіме ў 2020 годзе: пікеты ў час перадвыбарнай кампаніі вельмі натхнялі эмігрантку.

"Здавалася, што вось-вось — і Беларусь стане свабоднай, што ўсё будзе справядліва, — кажа яна. — З'ездзіць на выбары і прагаласаваць хоць бы ў Варшаве не ўдалося, таму што ў канцы ліпеня ў мяне нарадзілася дзіця і трэба было быць з ім. Памятаю, як увечары 9 жніўня ў Беларусі адключылі інтэрнэт і пачаўся ўвесь гэты змрок".

Беларусы чакаюць затрыманых на пратэстах сваякоў ля ізалятара на Акрэсціна / жнівень-2020

Еўрарадыё: Вы памятаеце свае першыя ўражанні ад таго, што адбывалася?

Ханна Заброцка: Я была ў шоку ад таго, што нарадзіла, але не магу засяродзіцца на сваім мацярынстве. Усе мае думкі былі звязаны з домам, бацькамі, маім народам. Разумееце, у мяне на руках грудное дзіця, а я думаю пра свабоду Беларусі?

Было вельмі цяжка. Праз тое, што адключалі інтэрнэт, мы не заўсёды маглі звязацца з роднымі, не разумелі, што з імі. Камп'ютар не выключаўся, зрэшты, як і ў многіх беларусаў, якія тут жывуць.

Еўрарадыё: У вашым інстаграме шмат фатаграфій лялек, у якіх угадваюцца гераіні жаночых маршаў. Што вас натхніла на гэтыя работы?

Ханна Заброцка: Партрэтныя лялькі я шыю даўно: магу стварыць нейкі канкрэтны вобраз кожнага чалавека. Першыя лялькі-беларускі з'явіліся дзякуючы жаночымі ланцугамі салідарнасці ў Мінску.

Памятаю, як на наступны дзень пасля жудасных разгонаў дзяўчаты басанож, у прыгожых белых строях, з кветкамі і белымі стужкамі на руках выйшлі да Камароўскага рынку. Тады я зразумела, што вось ён — праменьчык надзеі, што ў свеце заўсёды існуе баланс дабра і зла, раз нават пасля такога відавочнага жаху мы бачым такую прыгажосць.

Дзяўчаты ў белым на Камароўскім рынку / жнівень-2020

Я вырашыла, што хачу падтрымліваць у людзях такія эмоцыі, і пачала шыць лялек, якія будуць нагадваць нам пра гэту салідарнасць. Першымі былі тры босыя дзяўчыны, якія стаялі і трымаліся за рукі. Ужо тады я ўяўляла, як сфатаграфую іх і напішу гісторыю пра смелых беларусак для сваіх польскіх падпісчыкаў.

Я паставіла сабе мэту: колькі будзе трэба, столькі і буду шыць і расказваць палякам пра тое, што ў нас адбываецца.

Еўрарадыё: Як вы гэта робіце?

Ханна Заброцка: Напрыклад, я пашыла ляльку па вобразе Марыі Калеснікавай, прыгожа яе сфатаграфавала і простымі словамі напісала, хто яна такая, як змагалася за справядлівыя выбары, пра тое, дзе яна знаходзіцца і як у Беларусі перажываюць за яе і іншых палітвязняў. Усё гэта — наша гісторыя.

Сярод лялек ёсць і іншыя героі: Алена Леўчанка, Вольга Хіжынкова, Святлана Ціханоўская... Памятаю, як задумала пашыць ляльку Ніну Багінскую — у камізэльцы, доўгай спадніцы, капялюшыку, з велізарным БЧБ-сцягам.

Ніна — мая гераіня і маё самае першае натхненне! Забягаючы наперад, скажу, што многія людзі, якія просяць у мяне лялек, хочуць, каб у іх дома была свая Ніначка як сімвал вольнай Беларусі.

Еўрарадыё: Колькі лялек-беларусак атрымалася пашыць за гэты год?

Ханна Заброцка: Каля пяцідзесяці. Хацелася б, вядома, каб лялек было як мага больш, але я працую адна. Пакуль так сталася, што шыла толькі па жаночых партрэтах.

Але ў будучыні, спадзяюся, сярод маіх лялек з'явяцца і героі-мужчыны, бо кожны беларус, які выказвае сваю пазіцыю, па-свойму герой. Што б ні рабіў, як бы ні змагаўся, ён ужо вельмі смелы.

Цяпер я шыю лялек з партрэтаў самых розных беларусаў, без розніцы, вядомыя яны ці не. А яшчэ я прыдумала цацку для дзяцей, якія былі вымушаныя з'ехаць з краіны разам са сваімі рэпрэсаванымі бацькамі. Буду шыць для іх буслікаў, каб памяталі пра сваю радзіму і сяброў і, як бы ні склалася іх будучыня, не забывалі, што яны беларусы. 
 

Еўрарадыё: Што адбываецца з вашымі лялькамі пасля таго, як вы іх сшылі і сфатаграфавалі?

Ханна Заброцка: Я стараюся іх па магчымасці цікава ўпакаваць: БЧБ-сцяжкі, стужкі, вершы беларускіх паэтаў проста на каробках. Раблю гэта і ўяўляю рэакцыю атрымальніка. Для мяне, вядома, вельмі важна, каб лялька знайшла свайго героя.

Але як гэта зрабіць, калі, напрыклад, ты асабіста з чалавекам не знаёмы? Адправіць у Беларусь пасылку?

У гэтым пытанні мне вельмі дапамагла беларуская дыяспара ў маім горадзе. Я дагэтуль не разумею, як гэта адбываецца: людзі проста перадаюць лялек з рук у рукі. Напрыклад, паміж мной і Нінай Багінскай шэсць поціскаў рукі. Уяўляеце? Шэсць чалавек перадавалі ляльку з горада ў горад, я нават не ведаю, якую дарогу прайшла мая Ніна.

Тое самае было з лялькай для Марыі Калеснікавай. Сумняваюся, што яна цяпер з ёй. Хутчэй за ўсё, чакае дома ў яе таты, які зрабіў фатаграфію з маёй работай.

Аляксандр Калеснікаў і Ніна Багінская з лялькамі Ханны Заброцкай

Так што зваротная сувязь ёсць — і для мяне гэта вялікае шчасце. Я перадавала ляльку і Святлане Ціханоўскай. Думаю, што яна яе таксама атрымала: паставіла падабайку пад здымкам у інстаграме.

Еўрарадыё: Ці ёсць планы арганізаваць выставу лялек, якая будзе прысвечана героям беларускіх пратэстаў?

Ханна Заброцка: Спадзяюся, што аднойчы я змагу знайсці нейкае памяшканне ў Польшчы і збяру там калекцыю сваіх лялек, каб яшчэ раз расказаць іх гісторыі. А пакуль для мяне важна працягваць шыць, ствараць новых і новых герояў.

Часам становіцца цяжка: забойствы, рэпрэсіі — страшныя рэчы адбываюцца ў Беларусі. Здавалася б, ну каму патрэбныя гэтыя лялькі? Але потым я бяру сябе ў рукі і разумею, што людзей трэба падтрымліваць. Я бачу рэакцыю: для многіх мае лялькі асацыююцца з барацьбой, домам, салідарнасцю і сяброўствам. Я люблю сваю справу, і людзі, якія атрымліваюць гэтых лялек, вядома ж, гэта таксама адчуваюць.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.