Нікол Пашынян афіцыйна вылучаны на пасаду прэм’ера Арменіі

Нікол Пашынян афіцыйна вылучаны на пасаду прэм’ера Арменіі

42-гадовы Нікол Пашынян афіцыйна вылучаны на пасаду прэм’ера Арменіі, паведамляе “Новая газета”. Такое рашэнне прадказальна прыняла парламенцкая фракцыя “Елк”. Пашынян — кіраўнік аднайменнай партыі і лідар красавіцкіх пратэстных акцый. Выбары прэм’ер-міністра адбудуцца 1 траўня на спецыяльным пасяджэнні Нацыянальнага сходу Арменіі.

У парламенце “Елк” мае толькі 9 месцаў. Найбольшае прадстаўніцтва ў праўладнай Рэспубліканскай партыі — 58 дэпутатаў (агулам у Нацыянальным сходзе 105 дэпутатаў). Аднак гэтая палітычная сіла ўжо заявіла, што не будзе вылучаць свайго кандыдата на пасаду прэм’ер-міністра, але і за апазіцыянера галасаваць не збіраецца. Для абрання Пашыняну, які можа быць адзіным кандыдатам, патрэбны 53 галасы. Яго гатовая падтрымаць фракцыя “Дашнакцуцюн”, але гэта толькі 7 месцаў у парламенце. Лідар пратэстаў спадзяецца, што ў шэрагах дэпутатаў-рэспубліканцаў адбудзецца раскол.

Пасада прэм’ера ў Арменіі пасля канстытуцыйнай рэформы важная, паколькі ў яго руках знаходзіцца рэальная ўлада. Прэзідэнт выконвае толькі прадстаўнічыя функцыі.

Як вядома, у выніку масавых вулічных пратэстаў у Ерэване і іншых гарадах Арменіі ў адстаўку пайшоў прэм’ер-міністр і былы непапулярны прэзідэнт Серж Саргсян. Ён сышоў і з пасады кіраўніка Рэспубліканскай партыі. Аднак пратэсты не спыніліся. З дапамогай “вуліцы” апазіцыя на чале з Ніколам Пашынянам спадзяецца “даціснуць” уладу, атрымаць пасаду прэм’ера, стварыць часовы ўрад і аб’явіць датэрміновыя парламенцкія выбары. Апазіцыя заклікала сваіх прыхільнікаў выходзіць на вуліцы 1 траўня.  

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі