Нікалас Бірд: "Беларусы ходзяць на джаз з-за цікаўнасці"

Вядомы майстар вакальнай імправізацыі  з Сан-Францыска ў тандэме з Apple Tea даказаў мінчукам, што ён і сапраўды можа ўсё! Канцэртамі ў беларускай сталіцы Нікалас Бірд распачаў канцэртны тур па Ўсходняй Еўропе Сусветнавядомы сваімі імправізацыямі калега славутага Бобі Макфэрына і адзін з заснавальнікаў акапэльнага гурта Voicestra, выкладчык Berkeley JazzSchool і акцёр кіно Нікалас Бірдс аказаўся шчырым і адкрытым. З першай кампазіцыі ён здолеў наладзіць кантакт з залай, якая з лёгкасцю і радасцю ўтрымоўвала да апошняга акорду.





Да кар'еры паспяховага джазмэна Нікалас Бірд прыйшоў не адразу: спачатку былі негрыцянскі спірычуэл-хор роднага горада Нэшвіла (штат Тэнэсі), соўл-гурт у Токіа, кабарэ ў Сан-Францыска, удзел у радыёспектаклях і здымкі ў кіно разам з такімі славутымі акцёрамі як Клінт Іствуд, Рычард Гір і Кім Бэсінджэр.

Нікалас Бірд: "Я пачаў спяваць яшчэ ў раннім маленстве. Затым тынэйджэрам акунуўся у R'n'B і фанк. Аднойчы ў школе я пачуў, як нейкі хлопец грае джаз і зразумеў — гэта менавіта тое, чым я хачу займацца. Але тая музыка, музыка майго дзяцінаства — фанк і соўл — дагэтуль прысутнічаюць у маёй творчасці, бо гэта складае частку мяне".


На час канцэрту мы нібыта трапілі ў іншае вымярэнне — адчуванне, што атмасфера вакол цябе паціху скажаецца і запаўняецца салодкімі, гіпнатычнымі гукамі. У кожнай кампазіцыі адчувалася і самота, і радасць, і бескампраміснасць, і ўдзячнасць.



Працаваць па заходняму ўзору аказалася даволі цяжка фізічна, — дзеліцца ўражаннямі ад сумеснага выступу бубнач Apple Tea Аляксандр Сапега.

Аляксандр Сапега: "Там людзі працуюць па-сапраўднаму. Мы, канешне, можа і стаміліся,  але гэта стомленнасць — ад шчасця. Трэба разумець, што мы жывем у замкнутай прасторы, і нячаста да нас заязджаюць жывыя легенды такога ўзроўню".




Музыканты Apple Tea, у сваю чаргу, зачаравалі Нікаласа Бірда прафесіяналізмам і добрым пачуццём гумару.

Нікалас Бірд: "Я быў вельмі шчаслівы граць з Apple Tea. Яны не проста шыкоўныя музыканты, але яшчэ і вельмі адкрытыя і шчырыя людзі. Было цікава працаваць разам".






Асабіста мы не можам назваць ігру Apple Tea проста акампанементам — гурт гучаў магутна і ўпэўнена. Музыканты чарговы раз паказалі сябе майстрамі імправізацыі. Час ад часу Нікалас спыняўся, каб паслухаць і адзначыць тое ці іншае сола. Прыгожае спалучэнне музыкі і вакала абвалаквала, як якасны, танюткі шоўк.




"Гэта яшчэ і магчымасць атрымаць майстар-клас", — працягвае Аляксандр Сапега. — "Калі мы і былі закрытымі, то не на гэтым канцэрце. Мы намагаліся. І Нікалас цудоўна зрабіў сваю справу — у яго выдатная праграма,  над якой ён шмат працаваў".

Дарэчы, сам выканаўца распавёў Еўрарадыё, што для яго не істотна — працуе ён для шматтысячнай залы ці для маленькай камернай аудыторыі:

Нікалас Бірд: "У мяне быў самы розны досвед працы. І я заўсёды знаходжу магчымасці разварушыць любую публіку — паспяваць, патанчыць, папляскаць у далоні ці проста кантактаваць з залай на ўзроўні мелодыі і рытму..."






Уражанні пасля першага канцэрту перапаўнялі не толькі прысутных гледачоў —  харызма Нікаласа закранула і музыкантаў Apple Tea.

Аляксандр Сапега: "Мы не тыпова для сябе гралі. Я нават заснуць доўга не мог пасля першага канцэрту — музыка з такой яскравай groove-фанкавай структурай ў нас граецца не часта".

Нікалас распавёў Еўрарадыё, што мае вялікі досвед выступаў перад расійскай аўдыторыяй. Розніца ў гастролях па Ўсходняй Еўропе і Амерыцы — толькі ў падрыхтаванасці гледачоў, лічыць спявак.

Нікалас Бірд:Амерыцы людзі ідуць на джазавыя імпрэзы і ведаюць, чаго чакаць ад таго ці іншага канцэрту. Яны добра разбіраюцца ў стылях, якія будуць прадстаўленыя. У Беларусі, як і ў Расіі, на джаз часта прыходзяць з-за цікаўнасці. Але добра і тое, што ў людзей ёсць сапраўдная цікаўнасць — зразумець, што ёсць джаз".






 Яскравыя блюзы, сентыментальныя балады і фанкавыя творы атрымаліся ў Нікаласа Бірда насамрэч шчырымі. Сапраўдны амерыканскі "эстэт-рамантык"  літаральна абяззброіў слухачоў сваёй натуральнай адкрытасцю. Ва ўсім гэтым магутным, атакуючым гуку вакала Нікаласа добра адчуваецца яго душа і шчырасць. Думаю, гэта адчуў кожны з прысутных у зале.





Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі