Neuro Dubel сыгралі канцэртны марафон

Канцэрт праходзіў у два аддзяленні. Падчас першага музыкі выконвалі новыя песні, прычым у той жа паслядоўнасці, што і на дыску.

Але, нягледзячы на тое, што пачатак складаўся з незнаёмых трэкаў, музыкі здолелі падняць натоўп ужо першымі песнямі. Як прызнаўся пасля канцэрту лідар гурта Аляксандр Кулінковіч, ён лічыць гэты факт дасягненнем.

Аляксандр Кулінковіч: "Мне вельмі спадабалася, што мы зрабілі насамрэч добры прадукт, які здольны завесці чалавека з першага разу. Вельмі проста завесці чалавека песняй, якую той чуў ужо 154 разы. І вельмі складана завесці чалавека песняй, якую ён чуе першы раз у сваім жыцці, а я лічу, што сёння нам гэта пашанцавала зрабіць. Канцэрт атрымаўся, і я шчыра лічу, што мы аўтары праўды".

І сапраўды, ужо на трэцяй песні ад сцэны выляталі цалкам мокрыя хлопцы, беглі ў прыбіральню, абліваліся вадой і вярталіся на танцпол. Увогуле, гэты канцэрт быў вельмі багатым на стэйдж дайвераў, не праходзіла і трох хвілін, каб хтосьці не забраўся на сцэну і не нырнуў на рукі натоўпу.

Нават адзін са старэйшых удзельнікаў калектыву бэк-вакаліст Юры Навумаў не вытрымаў, і пад канец выступу таксама сігануў са сцэны. Публіка вельмі акуратна перанесла Юру да столікаў і вярнула на месца, прычым музыка амаль паспеў на сваю партыю. У натоўпе фанатаў пад сцэнай выплясвала і мастачка Ніка Сандрас, якая рабіла вокладку для альбома "Афтары правды".

"Гэты альбом трошку адрозніваецца ад іншых, і гэта радуе
, – падзялілася яна сваімі ўражаннямі. – Ён па асабліваму пазітыўны і нават трошкі дурнаваты. Вельмі радуе, што гурт не транслюе адзін і той жа настрой, а з кожным альбомам паказвае нешта новае".

Мастачка з усмешкай прыгадвае, як Аляксандр Кулінковіч папрасіў яе намаляваць вокладку.

Ніка Сандрас: "Я, напэўна, амаль не прапускаю канцэртаў Neuro Dubel ужо шмат гадоў. І калі мне патэлефанаваў Кулінковіч і сказаў: "Ніка, мне рэкамендавалі вас як мастака..". І стаў тлумачыць, хто яны такія, – мне было вельмі смешна. А складана не было, праўда пра першы малюнак, які на заднім баку вокладкі адразу сказалі, што ён дзіцячы, і гэта не тое. Я прапанавала яшчэ два варыянты і хлопцы ўзялі ўсе тры. І я вельмі, вельмі, вельмі рада!"

Павел Юрцэвіч, дырэктар студыі "Осмос", на якой запісваўся альбом, называе новы дыск моцным і без прахадных песень.

Павел Юрцэвіч: "Альбом моцны, тыповы "дзюбялёўскі" альбом. Ёсць некаторая колькасць песень, ад якіх хочацца плакаць, рваць валасы, але вельмі шмат баевікоў, якія проста весяляць. Прахадных песень амаль няма. І яшчэ радуе, што яны вярнуліся да вытокаў".

А прадстаўнік кампаніі "Будзьма" Севярын Квяткоўскі заўважыў, што ў новым альбоме Аляксандр Кулінковіч нібыта вярнуўся ў 1990-я гады.

Севярын Квяткоўскі: "Як даўні фанат, хачу сказаць, што пасля альбома "Танкі" я ўпершыню бачу таго самага Кулінковіча 1995-96-га гадоў, тыя драйв, іронію, гумар і любоў да жыцця".

Сапраўды, гледзячы па ўзросце, большасць прысутных у залі была менавіта таго пакалення слухачоў гурта, таму адрываліся яны з задавальненнем. Тым больш, другое аддзяленне было складзена са старых і ўлюбёных хітоў, некаторыя з якіх ужо даўно не гучалі на канцэртах. Агулам жа, было адыграна больш за 40 кампазіцый.

Пасля такога канцэртнага марафону да прыхільнікаў выйшлі стомленыя, але шчаслівыя музыкі, якія яшчэ з паўгадзіны раздавалі аўтографы.

Фота Tarantino

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі