Не з тымі сябруеш — з вучэбкі Інстытута пагранслужбы звольнілі ідэолага

Яўген Траян (у цэнтры) / з асабістага архіва афіцэра
Яўген Траян (у цэнтры) / з асабістага архіва афіцэра

За некалькі месяцаў старшы афіцэр аддзела ідэалагічнай работы вучэбнага цэнтра Інстытута памежнай службы ў Смаргоні Яўген Траян атрымаў пяць спагнанняў. Хоць да жніўня — за 8 з паловай гадоў службы — у яго былі толькі заахвочванні.

Афіцыйна яго звольнілі за "невыкананне ўмоваў кантракту", аднак ён мяркуе, што ўсё-такі за пазіцыю.

"Мне мая праца да жніўня прыносіла задавальненне, я ведаў што я дапамагаю людзям, быў такім вайсковым івэнт-мэнэджэрам: з аднаго боку адказваў за прапаганду, ідэалогію, інфармаванне людзей аб службе, краіне і пра тое, што ад іх патрабуецца, з другога арганізоўваў святы, культурныя мерапрыемствы, сплавы", — распавёў Траян "Нашай Ніве".

Пры гэтым ужо перад выбарамі ён адмаўляўся распавядаць курсантам на занятках пра Віктара Бабарыку і Сяргея Ціханоўскага, "гэта стаў рабіць мой начальнік", кажа Траян.

Потым быў "няўдалы" досвед працы назіральнікам на ўчастку: афіцэр звярнуў увагу на завышэнне яўкі, і яго аператыўна замянілі мясцовым дэпутатам.

У нейкі момант кіраўніцтва пачало рабіць заўвагі, што Траян ставіць лайкі пад пастамі незалежных СМІ і наогул "не з тымі мае зносіны". Начальства стала казаць, што "я, маўляў, не з тымі сябрую, трэба неяк спыняць зносіны, але сяброў не выбіраюць. Дзе праца, а дзе сяброўства?", разважае афіцэр.

У жніўні, прызнаецца, яму стала зусім некамфортна. На пытанні курсантаў, чые родныя пацярпелі падчас пратэстаў, ён адказваў, што так, дзеянні сілавых структур незаконныя і "гэта бязмежжа". Стрыечны брат Траяна таксама правёў на Акрэсціна 4 дні.

"Адна справа, калі ты бачыш нейкія відэа, іншае — калі перад табой сіні родны чалавек, стогне, не можа падняцца, і кажа, што ён яшчэ лёгка ааддзелаўся. У мяне былі слёзы на вачах, што не хапіла мужнасці выйсці абараніць яго", прызнаецца афіцэр.

У выніку яго звольнілі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі