Вы тут

“Не ведаем, дзе ён”: кампанія Лемяшэўскага адказала на навіну пра яго затрыманне

Віктар Лемяшэўскі, binkl.by

Удзень 28 чэрвеня з’явілася інфармацыя пра затрыманне дырэктара кампаніі "ПАК-кіраванне", чальца Савета па развіцці прадпрымальніцтва пры прэзідэнце Віктара Лемяшэўскага і некаторых ягоных падначаленых сёння ўначы. Магчымае затрыманне пракаментавала Еўрарадыё Святлана Вяртай, замдырэктарка па маркетынгу групы кампаній 1AK, якой кіруе “ПАК-кіраванне”

— Усе прадпрыемствы 1AK-GROPE працуюць у штатным рэжыме. Ніякай інфармацыі, якая магла б пацвердзіць гэта [затрыманне. — Еўрарадыё] у нас няма.

— Тады дзе зараз знаходзіцца Віктар Лемяшэўскі?  

— Я не магу сказаць. Я знаходжуся ў Брэсце, а ён можа знаходзіцца ці ў Мінску, ці ў Пінску. Ён заўсёды знаходзіцца на якіх-небудзь прадпрыемствах. Паўтаруся, што ўсе прадпрыемствы працуюць у штатным рэжыме. Сёння, напрыклад, праходзіла экскурсія топ-менеджараў розных прадпрыемстваў па заводзе “АйПауэр” у Брэсце. Пачалася а 10-й ранку, а скончылася ў палове на 13-ю...

— Віктар прысутнічаў на гэтай экскурсіі?      

— А ён і не павінен быў быць. Былі заяўлены іншыя кіраўнікі. 

Віктар Лемяшэўскі з’яўляецца сузаснавальнікам акумулятарнага завода "АйПауэр" у Брэсце. Мясцовыя жыхары амаль паўтара года кожную нядзелю выходзяць на акцыі пратэсту супраць гэтага будаўніцтва. Апошнімі месяцамі яны ўсталявалі “начныя варты” — з мэтай напэўна даказаць, што завод робіць шкодныя выкіды ў атмасферу.

14 чэрвеня старшыня Брэсцкага аблвыканкама Анатоль Ліс загадаў прыпыніць будаўніцтва акумулятарнага завода ТАА "АйПаўэр" пад Брэстам "да ліквідацыі выяўленых парушэнняў". 

Але пратэстоўцы не бачаць сувязі паміж сваёй актыўнасцю і затрыманнем Віктара Лемяшэўскага. Гэтая навіна для іх стала нечаканасцю, паведаміў Еўрарадыё блогер і актыўны праціўнік завода Сяргей Пятрухін