Вы тут

"Не ўпэўнены, што вайна не вернецца". Беларус з Бучы — пра жахі першых тыдняў

Беларускі пісьменнік Сяргей Прылуцкі з разбуранай Бучы / калаж Еўрарадыё

“Зайшоў да хлопца, з якім пазнаёміліся падчас акупацыі. Кажа: "Жонку сябра хавалі ў чорным пакеце. Сам сябра дзівам выжыў", — расказвае Еўрарадыё беларускі пісьменнік Сяргей Прылуцкі

З 2008 года аўтар шматлікіх вершаў ды перакладаў жыве ва Украіне. Вайну сустрэў у Бучы, праз два тыдні эвакуяваўся адтуль у Кіеў, а днямі, правёўшы жонку ды сына ў эміграцыю, зноў вярнуўся ў разбураны расійскімі акупантамі горад.

Дом яго сям’і выходзіць вокнамі на Гастомельскі аэрапорт. На пачатку вайны там праходзілі жорсткія баі: лёталі вайсковыя самалёты і верталёты — усё было ў полымі.

Якія ўспаміны цяпер ужо будзе немагчыма выкрасліць з памяці жыхароў Бучы і чым сустрэў горад літаратара праз тры месяцы ад пачатку так званай “спецыяльнай аперацыі”

У інтэрв’ю Еўрарадыё Сяргей Прылуцкі гаворыць пра тое, як змянілася жыццё пасля нападу Крамля.

Пякельныя баі ў Бучы / архіў

Сяргей Прылуцкі: 24 лютага недзе а пятай мне патэлефанаваў калега і распавёў, што пачалася вайна. Актыўных баявых дзеянняў у той час тут яшчэ не было, але ўжо каля 12-й мы беглі ў бамбасховішча, бо ва ўсю ішлі баі, гарэў Гастомельскі аэрапорт, лёталі расійскія вайсковыя самалёты і верталёты.

Мы рыхтаваліся. У нас на балконе быў сабраны прадуктовы чамаданчык на выпадак вайны. Але ў выніку, калі ўцякалі, нічога з назапашанага не ўзялі. Было не да гэтага.     

Усе людзі — у шоку, адчувалася паніка. Ніхто не чакаў, што расіяне пачнуць прарывацца ў Бучу і атакаваць Кіеў. Добра, што раней улады ўвесь час вывешвалі аб’явы, дзе знаходзяцца найбліжэйшыя бамбасховішчы, таму ўсе ведалі, куды бегчы. Побач з намі іх было як мінімум пяць. Некаторыя суседзі адразу пачалі збіраць рэчы і ўцякаць з горада, у нашым раёне было вельмі небяспечна. У бамбасховішчы хавалася каля 50 чалавек, нехта прынёс ноўтбук — так мы сачылі за навінамі.

Пад вечар 24-га на вуліцах трохі сціхла, але выбухі і страляніна былі чутны. Я нават паспеў схадзіць у краму — бачыў, як збіраюцца валанцёры. У тэрабарону траплялі не ўсе ахвочыя, бо, наколькі ведаю, нават не хапала зброі.

Ноч наша сям’я правяла ў іншым квартале. Калі вярнуліся раніцай, пабачылі, што ў наш будынак трапіў аскепак нейкага снарада і зачапіў дах. Мы зразумелі, што трэба з’язджаць, але такая магчымасць з’явілася толькі праз два тыдні. Мы пераехалі да матулі жончынай сяброўкі на другі канец горада, дзе было цішэй.

Двары ў Бучы / архіў

Еўрарадыё: Як прайшлі два тыдні да эвакуацыі? 

Сяргей Прылуцкі: У тым раёне, куды мы пераехалі, збіўся атрад тэрабароны. Збольшага трэба было сачыць за перамяшчэннем тэхнікі і перадаваць інфармацыю вайскоўцам. Таксама — дапамагаць людзям вырашаць бытавыя цяжкасці.

Недзе на другі ці трэці дзень вада, газ, электрычнасць зніклі. Надвор’е было зімовае: спалі ў швэдарах, пад некалькімі коўдрамі. Калатун той яшчэ! Зразумела, што электрычнасці не было і ў крамах. Некаторыя прадукты людзі раскупілі, а пасля ўладальнікі проста раздавалі ежу, тым больш не ва ўсіх былі запасы. У нашай кватэры ежа была, але мы схадзілі па малако, тварог і смятану для дзетак.  

Украінскае войска і расійскае перастрэльваліся праз наш квартал усе два тыдні. Адзін снарад трапіў у будынак — пад’езд быў разбураны, другі — проста ў двор. Аскепкамі павыбівала вокны. Яшчэ ў адзін будынак побач таксама трапіў снарад, але пашкодзіў яго не моцна. 

Выбухі былі такія, што трэсліся сцены! Калі ты сядзіш у будынку і не ведаеш, што будзе далей, гэта, канешне, капец.

Звычайна актыўныя фазы абстрэлаў былі ці зранку, ці пад вечар, але страляніна чулася ўвесь час. Тым не менш мы перыядычна выходзілі з дому.

 

Еўрарадыё: Сустракаліся з расійскімі вайскоўцамі?

Сяргей Прылуцкі: Да нас пяхота, на шчасце, не даходзіла, але побач была траса, і мы бачылі наводдаль расійскія танкі і БТРы. Ад крайняга будынка да трасы было максімум 500 метраў, але ў двары тэхніка не заязджала. 

Наша кватэра была на першым паверсе. Мы не спускаліся ў бамбасховішча, калі былі моцныя абстрэлы, а хаваліся ў ванне. Некалькі разоў даводзілася там начаваць. Нас было шасцёра: я, жонка, наш сын, сяброўка і двое яе дочак. Дзеці ў ванне, а мы — у калідоры каля дзвярэй. 

Шасцёра ў адной ванне / архіў

Еўрарадыё: Як дзеці рэагавалі на вайну?

Сяргей Прылуцкі: Я шмат дзе чытаў, што маленькія дзеці ўспрымаюць такія з’явы спакайней за дарослых. Нашаму сыну чатыры з паловай, малодшай дачцэ сяброўкі — пяць. Калі чуліся выбухі, яны першыя клікалі нас хавацца. “Ты не баішся выбухаў?” — пытаўся я ў сына. Ён адказваў, што не баіцца. Старэйшай дачцэ сяброўкі — 12. Яна ўсё разумела, падлетак… Ёй было вельмі цяжка і страшна. Аднойчы ноччу, калі моцна бамбілі, яна сказала: “Хачу з вамі на ўсялякі выпадак развітацца”. Малыя ж не плакалі. 

Натуральна, мы намагаліся ўсіх супакоіць, што ўсё будзе добра. Спрабавалі неяк весяліць, выходзілі ўдзень на двор пакатацца на арэлях і на горках. Размаўляць было цяжка. Мы патлумачылі, што ідзе вайна, што маскалі пайшлі на нашых, але нашыя войскі заб’юць усіх ворагаў і ўсё будзе добра.

Вайна і дзеці / архіў

Еўрарадыё: Якія даходзілі навіны?

Сяргей Прылуцкі: Мы падтрымлівалі кантакты з сябрамі-валанцёрамі. Яны жылі ў прыватным сектары, куды прыйшлі кадыраўцы. Там было забіта шмат мірных жыхароў. Распавядалі пра ўсе тыя жахі, пра якія ўвесь свет даведаўся толькі праз месяц. Нейкія вядомыя зараз усім гісторыі мы ведалі ўжо на пачатку сакавіка. 

Напрыклад, на вуліцы ляжаў забіты расіянамі мужчына і яго цела не мог ніхто забраць тры дні, бо можна было выйсці і не вярнуцца. Таксама цяжарная сяброўка жонкі на апошніх месяцах сядзела ў падвале, не магла выйсці з падвала. Вайскоўцы не маглі туды фізічна дабрацца, ішлі баі.

Сувязь увесь час знікала, трэба было хадзіць па раёне з паднятай рукой. Часам суткамі не маглі датэлефанавацца бацькам.

Пішуць у мясцовым чаце / архіў

Еўрарадыё: Як расійскія вайскоўцы сябе паводзілі?

Сяргей Прылуцкі: Забівалі, катавалі людзей. Знаёмая жыла ў прыватным сектары. Распавяла, што неяк, калі сціхлі выбухі, яна выйшла на вуліцу, каб закіпяціць у чыгунку ваду. Снайпер проста тупа, каб паздзекавацца, стрэліў у чыгунок. Вось так гуляліся з мірнымі жыхарамі.

Пра катаванні падрабязнасцяў на той час мы не ведалі, ведалі, што людзей забіраюць і кудысьці вывозяць.

 

Еўрарадыё: А як паводзілі сябе ўкраінскія вайскоўцы?

Сяргей Прылуцкі: Усе, каго я ведаю, падтрымліваюць украінскую армію. Нават калі раней у кагосьці былі нейкія сумневы, пасля пачатку вайны ўсе зразумелі, што такое Расія.

 

Еўрарадыё: Як прайшла эвакуацыя?

Сяргей Прылуцкі: Першы калідор афіцыйна адкрылі 10 сакавіка, але сказалі, што выпускаць будуць толькі жанчын і дзяцей. Аўтобусы так і не прыехалі, змаглі выехаць толькі тыя, у каго былі машыны. Наступным ранкам зладзілі яшчэ адзін калідор і мы прыйшлі ўсе разам, мужчын было шмат. 

Калі ехалі, праязджалі два расійскія блокпасты. У мужчын правяралі пашпарты і пыталіся, ці ёсць татуіроўкі. Магчыма, так шукалі нацыяналістаў з фашысцкімі татуіроўкамі. Асабліва больш не аглядалі нічога. 

Улады дамовіліся тады з расіянамі, што тыя прапусцяць аўтобусы і пасля іх выпусцяць назад у Кіеў. Ехалі гадзіны тры-чатыры, рабілі кола, бо шмат мастоў было разбурана ці зачынена. 

З Кіева адправіў сваіх за мяжу. 

 

Еўрарадыё: Чаму вы самі не з’ехалі?

Сяргей Прылуцкі: З Украіны вайсковаабавязаныя не могуць з’язджаць. Я прыехаў, каб устаць на вайсковы ўлік. Сям’я ў бяспецы. 

Еўрарадыё: Як сябе адчуваеце пасля вяртання ў Бучу?

Сяргей Прылуцкі: Зараз цяжка казаць пра адчуванні. Нібыта ўсё як раней, але я ўжо ведаю, што праз 100 метраў ад дома, у дзіцячым лагеры, расіяне катавалі людзей. Царква зруйнавана… Чым далей ад нашага раёна — тым горш. Бліжэй да цэнтра шмат дамоў, у якія трапілі снарады. Мне цяжка зараз сфармуляваць эмоцыі, толькі вярнуўся... 

"Іншы сябра кажа, што яго знаёмага забралі маскалі, пасадзілі ўверсе на БТР і вазілі па Бучы, як жывы шчыт" / архіў

Іншыя людзі таксама пачалі вяртацца, многія вярнуліся з дзецьмі. Вада, электрычнасць, газ, інтэрнэт ёсць. Рамантуюцца будынкі… Але я не ўпэўнены, што вайна сюды не вернецца. Я маральна гатовы, што, магчыма, зноў прыйдзецца з’язджаць. 

"Дзеці ўжо гуляюць у футбол" / архіў

Еўрарадыё: Што з кватэрай? 

Сяргей Прылуцкі: У нашым будынку каля 160 кватэр, кожную — ускрылі. Парыліся ў маіх рэчах, зламалі ноўтбукі, адзін, непрацоўны, забралі, таксама забралі даваеннае віно. 

Госці прыйшл ды паехалі / архіў
Проста смецце / архіў
Засталіся на ноч і забыліся прыбрацца / архіў
Зламалі ноўтбукі / архіў

У сябра з суседняга пад’езда вайскоўцы проста жылі. Вады не было. У прыбіральню хадзіць трэба было, і таму пах там стаіць што піпец.

У кватэру яшчэ аднаго знаёмага паўносілі чужыя рэчы, усё накідана на падлозе. Елі як свінні, каўбаса ў ложку… Але ў яго не было чаго забіраць, там проста засралі хату. 

У некаторых будынках білі люстры, ламалі сцены і шафы, рабілі надпісы накшталт “Здесь были русские солдаты” ці “К вам пришёл русский мир”.

"Здесь был русский мир" / архіў

Сябра распавядаў, што забралі прафесійны спартовы абутак, адзенне, запчасткі для ровара.  

Муж сяброўкі калекцыянаваў алкаголь — забралі 70 пляшак. 

 

Еўрарадыё: Як вы жывяце з гэтым усім? Ці пісалася нешта пасля 24 лютага?

Сяргей Прылуцкі: Ну так і жывём. Без сям’і складана. Трымаем сувязь праз вайбер. 

Што тычыцца творчасці, кнігу не пішу, але нейкія вершы былі. Я намагаюся не падганяць гэты працэс. Цяпер пішацца нашмат менш, чым раней. Мне здаецца, трэба пачакаць і пераварыць. З іншага боку, можна пісаць нешта па гарачых слядах, але хутчэй  — эсэ ды дзённікі. Для іншых фарматаў пакуль не час.

Кот знайшоўся / архіў

Еўрарадыё: Вы з’ехалі з Беларусі 14 гадоў таму. Як вам украінцы? Што змянілася пасля вайны?

Сяргей Прылуцкі: Так, я пераехаў даўно, і калі б мне нешта не спадабалася, дык прыйшлося б вяртацца назад. Я ведаў, куды еду, у мяне тут ужо былі сябры, дзяўчына і праца. Карацей, прыехаў у Кіеў як дадому.  

Што тычыцца перамен, я разумею ўсю нянавісць украінцаў да беларусаў і Беларусі. Адзіная праблема ва ўсім гэтым — тое, што шмат украінцаў не падзяляюць Лукашэнку і народ Беларусі. Яны не разумеюць або не ведаюць, што сёння Беларусь, па сутнасці, акупаваная тэрыторыя. Што ў першыя дні вайны больш за тысячу беларусаў было арыштавана на антываенных мітынгах у Беларусі. Нават мясцовыя журналісты, якія павінны разважаць, не да канца гэта ўсведамляюць. 

 

Еўрарадыё: Украінцы аптымісты? Адкуль вы самі бераце сілы?

Сяргей Прылуцкі: Я лічу, іншага выйсця, акрамя аптымізму, няма. Асабліва калі Расія адкрыта заяўляе, што хоча знішчыць украінцаў як нацыю. Гэта сітуацыя, калі разумееш, што адзінае выйсце — перамагчы, іншага сцэнара проста не можа быць. Параза будзе азначаць тваю смерць. Усе бачылі, што адбываецца на акупаваных тэрыторыях. Людзей ці проста забіваюць, ці вывозяць у глыбінкі Расіі, каб яны там растварыліся, сталі часткай Расіі.

 

Еўрарадыё: Уявіце сітуацыю: вы сустракаецеся з Пуціным і Лукашэнкам…

Сяргей Прылуцкі: Адзіны варыянт — іх прыкончыць. Больш няма таго, што з імі рабіць, і няма, пра што з імі размаўляць. Думаю, што пры магчымасці так бы зрабіла большасць украінцаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.