Не пазналі, закапалі, потым выкапалі: у Іванаўскім раёне пераблыталі нябожчыкаў

Прывезлі Глушко, а патрэбны быў Галушка! / Еўрарадыё
Прывезлі Глушко, а патрэбны быў Галушка! / Еўрарадыё

18 траўня ў вёсцы Радаўня Іванаўскага раёна адбылася пахавальна-дэтэктыўная гісторыя. Напярэдадні ў Пінскай ЦРБ ад наступстваў інсульту памёр 62-гадовы Юрый Галушка. Цела з морга забірала рытуальная служба. Калі нябожчыка прывезлі сваякам, дачка памерлага заявіла: гэта не той чалавек! Тым не менш мужчыну адпелі і пахавалі.

З пераматанай галавой

— Гэты мужчына быў з пераматанай галавой і тварам. Яго рытуальным службам аддалі як крымінальны труп, — распавядае Еўрарадыё Марыя Асіпчук, якой Юрый Галушка прыходзіўся стрыечным дзедам. — А наш дзядуля памёр ад інсульту! Мы адмовіліся ад анатаміравання, таму на ім не павінна было быць ніводнага бінціка. А тое цела, якое нам прывезлі, немагчыма было апазнаць, таму што твар і галава былі пераматаныя, як кокан.

Не узнали, закопали, потом выкопали: в Ивановском районе перепутали покойников

Сваякі Галушкі адразу засумняваліся: маўляў, гэта не наш! Мужчына ў труне хоць і быў такога ж росту, але худым — "плечы вузкія, як у дзевяцігадовага дзіцяці". А дзядуля Марыі Асіпчук быў моцнага целаскладу.

— Калі гэтага мужчыну хавалі, мая мама не магла з ім развітацца — адчувала, што гэта чужы чалавек, — працягвае дзяўчына. — Але былая жонка дзядулі сказала, што ў яго такія ж шнары на руках, сказала, што гэта ён. Натуральна, мы ёй паверылі, бо даўно з дзядулем Юрам не размаўлялі. Паклікалі святара, адпелі. Вось так мы пахавалі іншага чалавека.

“Каго ж мы пахавалі?”

Дачка Юрыя Галушкі не знаходзіла сабе месца. Яна патэлефанавала ўрачу, пацікавілася: ці было анатаміраванне? Ёй адказалі, што анатаміравання не было. Тады яна спытала, ці былі нейкія змены ў нябожчыка з тварам? Лекар адказаў, што ніякіх зменаў не было: ён быў чысты, без якіх-небудзь шнараў.

— Пачалі разбірацца і высветлілі, што наш дзядуля ляжыць у моргу. Пахавалі не таго чалавека, — абураецца Марыя. — Санітары, якія выдавалі цела, і рытуальшчыкі прапанавалі выкапаць цішком — і пры гэтым за наш кошт. Яны пачалі адзін на аднаго валіць віну. Гэта не па-чалавечы, гэта няправільна. Ды і без міліцыі эксгумацыя незаконная.

Мы звярнуліся ў міліцыю. Эксгумацыя праводзілася ў прысутнасці кампетэнтных органаў. Дзякуй богу, мы дамагліся выніку: санітар узяў усю віну на сябе, аплаціў усе выдаткі. Прыехаў той жа святар, зноў адпеў, і 20 мая мы пахавалі ўжо нашага дзядулю.

Не узнали, закопали, потом выкопали: в Ивановском районе перепутали покойников
Адпелі спачатку Глушко, а потым Юрыя Галушку / Еўрарадыё

“Што мне загарнулі, тое я і забраў!”

Еўрарадыё паразмаўляла з супрацоўнікам рытуальнай службы, якая займалася дастаўкай нябожчыка Галушко. Паводле слоў работніка, рытуальшчыкі не вінаватыя — гэта супрацоўнікі бальніцы пераблыталі Юрыя Галушку з іншым нябожчыкам — па прозвішчы Глушко.

— Гэта чалавечы фактар, збег абставін. Ёсць прозвішча Галушка, а ёсць прозвішча Глушко. Прытым у адным раёне, — тлумачыць работнік пахавальнага бюро. — Прыязджае рытуальная служба ў морг, называецца прозвішча і мясцовасць. Я ў чым вінаваты? Я прыехаў, пазначыў чалавека. Што мне загарнулі, тое я і забраў! Ды і супала ўсё, акрамя імя па бацьку.

Еўрарадыё патэлефанавала ў морг Пінскай ЦРБ. Там робяць выгляд, што інцыдэнт калі і быў, то нязначны, без паўторнага пахавання, і ківаюць у бок супрацоўнікаў рытуальнага бюро:

У зале стаяла пяць трунаў і пяць крыжоў. Рытуальшчыкі схапілі крыж, які трэба, а труну ўзялі не тую. Потым заўважылі і праз дзесяць хвілін вярнулі назад, — адчаканьвае супрацоўнік морга. Але што значыць "вярнулі праз дзесяць хвілін"? Пахаванне ж было два разы!

— Не, гэта ўжо людзі папрыдумвалі, — упэўнены работнік.

Марыя Асіпчук такую версію адразу адкідае: ад Пінска да Іванава адлегласць няблізкая. Прывезці цела за дзесяць хвілін, апазнаць яго і адвезці назад проста фізічна немагчыма. Ды і паўторнае пахаванне назірала ўся вёска.

Я думаю, тут вінаватыя і рытуальшчыкі, і санітары. Целы ж не проста так выдаюцца, павінны быць нейкія дакументы, на падставе якіх адзін бок аддае цела, а другі прымае. А яны гэты крок, хутчэй за ўсё, прапусцілі. Прозвішча назвалі, дакументы ніхто не праверыў — і забралі цела, — абураецца дзяўчына. — На Берасцейшчыне прозвішчы Галушка, Галушок і іншыя падобныя вельмі распаўсюджаныя. Ну добра, пераблыталі прозвішча. Але дакументы-та для чаго?

Не узнали, закопали, потом выкопали: в Ивановском районе перепутали покойников

З Пінскім моргам нешта не так

У лютым 2021-га года з Пінскага морга знік труп 37-гадовай жанчыны, якая памерла пасля працяглай хваробы. Родным выдалі пасведчанне аб смерці, яму на могілках выкапалі, купілі труну. Калі ў горад прыехалі за целам, яго там не аказалася. Праз некалькі дзён усё ж знайшлі, была распачата крымінальная справа па ч. 1 арт. 347 КК РБ — "Здзек над трупам".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі