Вы тут

Не куляй, дык доларам: як “новы пажар” на Данбасе можа закрануць Беларусь

Магчыма, што гэтым разам “адседзецца ў бульбе” не атрымаецца / vesti.ua

Ваенны канфлікт паміж Расіяй і Захадам — наколькі імаверны такі сцэнар ва ўмовах цяперашняга абвастрэння міжнародных адносінаў? На думку кіраўніка аналітычнага праекта Belarus Security Blog Андрэя Паротнікава, Расія да такой вайны пакуль што не рыхтуецца. Маўляў, там разумеюць “кошт пытання”.

— Калі ў лістападзе ў Маскву прыязджаў кіраўнік ЦРУ, то, як кажуць злыя языкі, ён прывёз дзве тэчкі, — расказвае ў эфіры Еўрарадыё Андрэй Паротнікаў. — Адна з іх — гэта спіс сваякоў і блізкіх расійскай вярхушкі, якія жывуць у краінах Захаду. Другая тэчка, значна больш тоўстая, — гэта спіс актываў, якія належаць расійскім “топам” на Захадзе. Меседж вельмі просты: любы зрух — і гэтых людзей з актывамі ў вас не будзе. Таму казаць менавіта аб гатоўнасці Расіі ваяваць пакуль не выпадае.

Але незразумела, што будзе адбывацца на расійска-ўкраінскай мяжы. Там засяроджаныя даволі значныя сілы, але іх недастаткова для разгрому Украіны. Іх дастаткова для таго, каб стварыць лакальны крызіс на Данбасе. Я хачу нагадаць, што так званыя народныя рэспублікі прэтэндуюць на ўсю тэрыторыю ў адміністрацыйных межах Данецкай і Луганскай абласцей Украіны.

Нельга выключаць, што “іхтамнеты”, якія фактычна будуць расійскімі вайскоўцамі, паспрабуюць правесці лакальнае абвастрэнне на Данбасе, што таксама можа выклікаць адказ з Захаду. І адказ вельмі сур’ёзны, які можа перарасці ў канфрантацыю. І ў любым выпадку канфлікт закране Беларусь — відавочна, што ў Мінску гэта разумеюць. І пачалі да гэтага рыхтавацца.

А якім чынам могуць закрануць Беларусь баявыя дзеянні ў рэгіёне?

— Пакуль не выпадае казаць аб падрыхтоўцы Расіі да вайны менавіта з Захадам ці аб маштабным уварванні ва Украіну. Але лакальнае абвастрэнне, якое пацягне за сабой палітычныя, эканамічныя і мілітарныя наступствы, цалкам магчымае, — тлумачыць аналітык. — Даволі рэгулярна гучаць інсайдарскія заявы аб тым, што Расія сутыкнецца з санкцыямі. Адзін з пунктаў — адключэнне расійскай банкаўскай фінансавай сістэмы ад міжнароднай сістэмы разлікаў SWIFT. Для Беларусі гэта будзе вельмі вялікай праблемай з пункту гледжання эканомікі, таму што 40 адсоткаў нашага экспарту ідзе ў Расію. І паўстае пытанне: як потым разлічвацца за гэты экспарт? І як набываць у Расіі тое, што нам трэба?

У Расіі створана свая ўнутраная сістэма разлікаў — СПФП. У выпадку адключэння Расіі беларуска-расійскі гандаль будзе працягвацца праз гэтую сістэму. Але ёсць вельмі важны момант: гандаль энерганосьбітамі паміж Беларуссю і Расіяй адбываецца за долары, а не за рублі.

Нацбанк РБ пачаў пераводзіць частку золатавалютных рэзерваў у кэш. І здаецца, больш за 530 мільёнаў долараў пераведзена ў гатоўку і знаходзіцца ў Мінску. Калі пералічыць гэта на нафтагазавы экспарт, то гэта прыкладна месяц гэтага экспарту.

Таму стаадстокавага ўяўлення аб тым, якія планы ў Маскве, у Мінску не маюць. Але нейкія ўскосныя сведчанні расцэньваюць такім чынам, што вельмі сур’ёзнае абвастрэнне цалкам магчымае.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.