Названыя лаўрэаты Шнобелеўскай прэміі, на гэты раз Лукашэнкі ў спісе няма

Названыя лаўрэаты Шнобелеўскай прэміі, на гэты раз Лукашэнкі ў спісе няма

Названыя лаўрэаты Шнобелеўскай прэміі. Цырымонія традыцыйна прайшла ў Гарвардскім універсітэце — у анлайн-фармаце. Як вядома, прэміяй уганароўваюць за дасягненні ці даследаванні, якія "спачатку прымушаюць смяяцца, а пасля — задумацца". Сёлетняя цырымонія была ўжо 31-й. Лаўрэатамі сталі навукоўцы з 24 краін свету. Ім уручаюць прэмію ў выглядзе банкнота ў 10 млрд зімбабвійскіх долараў — адной падробленай купюрай, піша "Бі-Бі-Сі".

Прэмію па хіміі падзяліў дзясятак навукоўцаў. Яны замяралі склад паветра ў кіназалах і выявілі, што канцэнтрацыя пэўных рэчываў там змяняецца ў адпаведнасці з кадрам на кінаэкране. Яна залежыць ад эмацыйнай рэакцыі гледачоў.

Прэмію па біялогіі атрымала Сюзан Шэц са Швецыі за "аналіз розных варыянтаў мяўкання, буркатання, віскаў, стогнаў, шыпення і іншых спосабаў камунікацыі", якія выкарыстоўваюцца коткамі для кантакту з гаспадарамі.

Прэмію па экалогіі атрымала група навукоўцаў з Іспаніі і Ірана. Яны збіралі прыліплую да тратуараў жавальную гумку і на працягу некалькіх месяцаў вывучалі, як змяняецца яе хімічны склад.

Лаўрэатам прэміі па эканоміцы стаў Паўло Блавацкі. Ён высветліў, што ўзровень успрымання карупцыі моцна карэлюе з узроўнем атлусцення чыноўнікаў.

Прэмію па медыцыне атрымалі навукоўцы з Германіі, Турцыі і Вялікабрытаніі. Яны даказалі, што аргазм можа прачышчаць нос не горш, чым кроплі ад насмарку.

Прэмію па фізіцы атрымалі навукоўцы з Нідэрландаў, Італіі, Тайваня і ЗША. Яны высветлялі, як пешаходам удаецца пазбягаць пастаянных сутыкненняў з іншымі пешаходамі.

У галіне транспарту лаўрэатамі сталі 13 навукоўцаў з Намібіі, ПАР, Танзаніі, Бразіліі, Брытаніі і ЗША. Іх адзначылі за даследаванне, ці бяспечна пераносіць чорных насарогаў па паветры ўверх нагамі.

Лаўрэатамі Шнобелеўскай прэміі міру сталі Ітан Бесерыс, Стывен Нэйлуэй і Дэвід Кэры з ЗША. Яны праверылі на спецыяльных муляжах меркаванне, што бароды і вусы ў мужчын першапачаткова прызначаныя для таго, каб абараняць скуру і косці ад удараў у бойцы. Эксперыменты паказалі, што валасы паглынаюць да 37% энергіі ўдару.

Летась Шнобелеўскую прэмію ў галіне медыцынскай адукацыі атрымаў Аляксандр Лукашэнка — за "выкарыстанне пандэміі COVID-19, каб навучыць свет таму, як палітыкі маюць большы палітычны ўплыў на жыццё і смерць людзей, чым навукоўцы і лекары". Раней ён перамагаў у намінацыі "Прэмія міру" — "за пераўтварэнне публічных апладысментаў у незаконнае дзеянне". Сёлета ў спісе лаўрэатаў яго няма.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі