Найлепшыя студэнты вяртаюць дзяржаве больш грошай

Еўрарадыё вырашыла даведацца, чаму маладыя спецыялісты, якія не прыехалі па размеркаванні, вяртаюць значна больш грошай, чым плацяць іх аднакурснікі, якія вучацца платна. Грошы, якія малады спецыяліст мусіць вярнуць дзяржаве ў выпадку непрыбыцця на месца размеркавання, разлічваюцца па адмысловай схеме. І кошт вашага бясплатнага навучання ўрэшце атрымліваецца нашмат большым за кошт платнага на гэтым жа факультэце.

Намеснік дэкана сталічнага універсітэта паведаміў Еўрарадыё, што нягледзячы на тое, што ў заканадаўстве неяк прапісаны парадак налічэння грошай, яны налічваюцца літаральна “з галавы”.

“Ва ўсіх ВНУ – я ўжо сутыкнуўся з гэтай сітуацыяй – плата налічваецца па прынцыпе “трох П”! Ведаеце такі прынцып? “Пол, потолок, палец”(падлога, столь, палец)! Што захацеў, тое і намаляваў! Думаю, таму што нашыя эканамісты, якія выраслі ў Савецкім Саюзе, разважаюць як у Савецкім Саюзе: не пускаць, не дазваляць, не даваць, а калі ўжо “садраць” – то па поўнай праграме!”

Вяртаць грошы няпроста, і цяпер толькі прызначаныя суды над тымі, хто не прыехаў па размеркаванні год таму. У планавым аддзеле Беларускага дзяржаўнага эканамічнага універсітэта нам паведамілі, што маладому спецыялісту спачатку даецца паўгода на тое, каб ён аддаў грошы сам.

БДЭУ: “Добраахвотна ў мінулым годзе не выплаціў ніхто, пазовы пададзеныя ў суд. Але яны пададзеныя ў гэтым годзе, бо існуюць тэрміны. Па-першае, пакуль збярэш усе дакументы… Потым пішацца загад аб кампенсацыі. Ён дасылаецца маладому спецыялісту. Даецца паўгода на добраахвотнае вяртанне грошай. І потым толькі, калі гэта не адбылося, падаецца пазоў у суд. Саміх судоў яшчэ не было, але пазовы пададзеныя ўжо”.

Сума, якую налічваюць вяртаць маладым спецыялістам, заўсёды розная. У выніку атрымліваецца, што выдатнікі, якія атрымлівалі павышаную стыпендыю, вінныя дзяржаве больш.

БДЭУ: “У кошт, які кампенсуюць, уваходзяць жа і стыпендыі, і надбаўкі, і г.д. І планавы аддзел налічвае на кожнага індывідуальна. І калі студэнт атрымліваў, напрыклад, павышаную стыпендыю, і на гэтым факультэце, можа, аплата большая, то ён больш будзе вяртаць. Плюс там індэксацыя адбываецца, яна залежыць ад базавай велічыні”.

Шмат каму універсітэты дапамагалі з жыллём. У педагагічным універсітэце імя М.Танка нам паведамілі, што сярэдняя сума, якую яны патрабуюць са сваіх былых студэнтаў, – 16 мільёнаў рублёў. Гэта прыкладна 7,5 тысяч долараў. Платнае навучанне каштуе ў сярэднім тысячу ў год, то бок за пяць гадоў – пяць тысяч.

БДПУ імя М.Танка: “Мы падлічвалі, звярталіся ў суд з пазовам, але пакуль што ніхто не вярнуў. Усе, каму мы налічвалі, атрымлівалі стыпендыю, шмат у каго быў наём жылля”.

Калі падлічыць, што на працягу пяці гадоў студэнт атрымліваў стыпендыю памерам 40 долараў, то агульная сума, якую яму выплацілі, будзе 2 400 долараў. З інтэрнатам больш складана. Студэнты плацяць за яго, але грошы гэта невялікія. Універсітэт прымушае іх як бы даплочваць за інтэрнат грошы, якія даплочваў ён.

У БДЭУ нам расказалі, што адзін сёлетні іх выпускнік вырашыў не чакаць суда і папрасіў, каб універсітэт падлічыў, колькі той яму вінен.

БДЭУ: “У гэтым годзе адзін выпускнік прыйшоў сам і сказаў, што не хоча прыбываць на месца размеркавання, і аддаў грошы. То бок, як паводле Палажэння: плаці — і атрымлівай вольнае”.

Універсітэт падлічвае колькасць грошай, але яны яму не дастаюцца. На пытанне, куды яны ідуць, адказ адзін: у бюджэт.

Фота: http://www.photosight.ru/

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі