Найбольш апазіцыйныя сайты рэгістравацца не збіраюцца

“Наша Ніва” заклікае чытачоў патрабаваць адклікання новага закона “Аб СМІ”, радыё “Свабода” рэгістраваць сайт не збіраецца, а электронная газета “Ежедневник” спадзяецца рэгістрацыю атрымаць. Галоўны рэдактар “Комсомольской правды” в Беларуси” Алена Міронава кажа, што пакуль пытанне пра рэгістрацыю сайта выдання не разглядаецца, бо заканадаўцамі яшчэ не вызначана розніца паміж электроннай версіяй газеты і сайтам. Аднак, калі ўсё ж такі давядзецца зрабіць з сайта поўную копію папяровай “Камсамолкі”, гэта будзе вялікі крок назад, лічыць Алена Міронава:

“У кожным разе, гэта крок назад. Адсутнасць навiнаў у рэальным часе, адсутнасць відэа, немагчымасць паставіць пашыраны матэрыял... То бок, не проста інтэрв’ю, якое выйшла ў папяровай версіі, а тое, што на паперу не змясцілася. Гэта, безумоўна, істотна верне нас назад”.

Юрыст Беларускай асацыяцыі журналістаў Міхаіл Пастухоў лічыць, што пасля прыняцца закона “Аб СМІ” можна чакаць любога ўціску на недзяржаўныя СМІ. Да прыкладу, калі сайту будзе адмоўлена ў рэгістрацыі, яго могуць нават заблакаваць.

Міхаіл Пастухоў: “Я думаю, што гэта і маецца на ўвазе, калі сайту будзе адмоўлена ў рэгістрацыі, то тады адпаведныя органы дзяржавы нейкім чынам будуць блакаваць дзейнасць гэтага інтэрнэт-СМІ”.

Аднак, як стала вядома Еўрарадыё, некаторыя найбольш апазіцыйна настроеныя грамадска-палітычныя інтэрнэт-рэсурсы нават не збіраюцца падаваць на рэгістрацыю. У адрозненні ад першай у Беларусі лічбавай газеты “Ежедневник”, напрыклад. Яе галоўны рэдактар Сяргей Сацук расказаў Еўрарадыё, што рэгістраваць выданне яны будуць і спадзяюцца на станоўчы вынік.

Сяргей Сацук:
“Натуральна, мы збіраемся рэгістравацца. І спадзяемся, што нас зарэгіструюць, таму што мы не ўдзельнічаем у палітычнай барацьбе. І пакуль што мы не бачым сэнсу для ўладаў пераследаваць нас і адмаўляць нам у рэгістрацыі. Рэгістрацыя прыкладна пачнецца ў студзені”.

А вось дырэктар беларускай службы радыё “Свабода” Аляксандр Лукашук не хвалюецца за сваю радыёстанцыю і кажа, што рэгістраваць сайт яны не будуць.

Аляксандр Лукашук:
“Нас гэтыя пытанні ўнутранага заканадаўства Беларусі тычацца толькі ў той меры, у якой яны могуць рэгуляваць дзейнасць нашых журналістаў на тэрыторыі Беларусі. Што тычыцца нашага прадукту, за яго нясе адказнасць цэнтральная рэдакцыя, і як юрыдычная асоба само радыё “Свабода” мае адрас у Вашынгтоне. Радыё “Свабода” не будзе рабіць ніякіх афіцыйных крокаў для рэгістрацыі ці не рэгістрацыі сайта ў Беларусі. Гэтаксама, дарэчы, як і наш эфірны прадукт”.

Што тычыцца рэдакцыі газеты “Наша Ніва”, то там вырашылі звярнуцца па дапамогу чытачоў. Галоўны рэдактар выдання Андрэй Скурко спадзяецца, што так атрымаецца адклікаць новы закон “Аб СМІ”.

Андрэй Скурко: “Я думаю, што мы будзем вырашаць праблемы па меры іх паступлення. Найперш цяпер мы заклікаем усіх нашых чытачоў – і чытачоў сайта, і чытачоў газеты – звяртацца з лістамі ў Палату прадстаўнікоў з пратэстам і з патрабаваннем адклікаць гэты закон “Аб СМІ”.

Магчыма, відэа і гукі не будуць з’яўляцца новым зместам, і дапоўненая імі інтэрнэт-версія газеты не будзе патрабаваць рэгістрацыі. Аднак, на жаль, пакуль складана сказаць, як будзе дзейнічаць новы закон “Аб СМІ”. Пасля набыцця ім моцы будзе прыняты ўрадавы акт, які і вызначыць дэталёва ўсе пытанні наконт парадку рэгістрацыі і распаўсюджвання інфармацыі ў інтэрнэце.




Ілюстрацыя http://www.belgazeta.by/

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі