Наведнікаў мінскіх рэстаранаў кармілі крадзенай цяляцінай

Наведнікаў мінскіх рэстаранаў кармілі крадзенай цяляцінай

Міліцыя Міншчыны злавіла групу, якая выкрадала цялят з фермаў і прадавала мяса ў мінскія рэстараны і на рынкі, паведамляе УУС Мінскага аблвыканкама
 
Першыя заявы пра выкраданне цялятаў паступілі ад кіраўнікоў гаспадарак яшчэ ўвесну. Ад дзеянняў зламыснікаў пацярпелі цялятнікі Маладзечанскага, Ашмянскага і Вілейскага раёнаў. А ў чэрвеня яны тройчы абкрадалі фермы пад Валожынам.

Следчыя кажуць, што зламыснікі старанна планавалі кожны крадзеж. Удзень яны ездзілі па наваколлі ў пошуках цялятніка з загонамі пад адкрытым небам і каля лесу, а ўначы адпраўляліся на злачынныя справы.

Жывёлам накідвалі вяровачныя петлі і выводзілі іх за агароджу, пакуль вартаўнік абыходзіў тэрыторыю ўдалечыні ад хлява. Каля ўчастка цялят білі па галаве металічным прадметам, раскрыжоўвалі тушу, грузілі мяса ў машыну і з'язджалі дадому, кажа намеснік начальніка Валожынскага РАУС Сяргей Гелда.

Цялячую выразку зламыснікі праз пасярэднікаў пастаўлялі ў рэстараны. Там мяса карысталася вялікім попытам сярод пакупнікоў.

Праваахоўнікі выявілі, што крадзяжом буйной рагатай жывёлы займаюцца тры жыхары Маладзечанскага раёна — 29, 31 і 49 гадоў. Зламыснікаў затрымалі па дарозе з Мінска, дзе яны збылі чарговую партыю ялавічыны. 

Дарэчы, крадзеная ялавічына прадавалася не толькі ў сталічных павільёнах, але і на рынку. Паколькі кошты на мяса былі невысокія, у падазраваных яго куплялі, не патрабуючы адпаведныя дакументы.

Выявілася, што адзін са зламыснікаў ужо судзімы за аналагічныя злачынствы, другі раней афіцыйна займаўся купляй мяса ў насельніцтва і яго перапродажам. Таму пэўны час іх злачынны занятак заставаўся нераскрытым і прыносіў прыбытак. Толькі ў Валожынскім раёне была прычыненая шкода больш як на 3700 рублёў.

Міліцыя мае доказы сямі эпізодаў злачыннай дзейнасці затрыманых. На іх пачалі крымінальную справу за крадзеж, учынены групай асоб. Зламыснікам пагражае да чатырох гадоў пазбаўлення волі. Таксама іх правяраюць на дачыненне да іншых злачынстваў.

Наведнікаў мінскіх рэстаранаў кармілі крадзенай цяляцінай
Наведнікаў мінскіх рэстаранаў кармілі крадзенай цяляцінай

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі