Наступны крок да Еўропы: Янчэўскі абяцаў ператэлефанаваць Сярэдзічу

ЕГУ вернецца ў Мінск не раней, чым "Народная воля" - у газетныя шапікі. Чуткі наконт таго, што беларускія ўлады нібыта прапанавалі ЕГУ вярнуцца ў Беларусь, спарадзілі спадзяванні на тое, што Мінск вырашыў і далей выконваць патрабаванні Еўропы. Але Рэктар ЕГУ Анатоль Міхайлаў абвяргае чуткі.

Анатоль Міхайлаў: “Я вельмі здзіўлены з’яўленнем такога кшталту інфармацыі, для мяне яна нечаканая”.

А першы прарэктар ЕГУ Уладзімір Дунаеў прызнаўся Еўрарадыё, што працаваць ЕГУ на радзіме не дазволіў бы існуючы закон “Аб адукацыі”.

Уладзімір Дунаеў:
“Універсітэт, які працуе як Еўрапейскі, па Балонскай мадэлі, не бачу, якім чынам ён бы мог зараз працаваць у Беларусі. Вяртанне ЕГУ ў Беларусь залежыць ад заканадаўства, якое сёння адрозніваецца ад заканадаўства ўсіх іншых Еўрапейскіх краін. Беларусь не ўдзельнічае ў Балонскім працэсе. А таксама неабходна памятаць пра акадэмічныя свабоды і універсітэцкую аўтаномію”.

Па словах прарэктара, пытанне вяртання ЕГУ ў Беларусь – гэта не пытанне ўзаемаадносінаў двух асоб. Трэба шмат змяняць і ў беларускім заканадаўстве, і ў стаўленні ўладаў да незалежнай адукацыі. Дунаеў кажа, што вяртанне ў Беларусь - гэта іх вялікая мара. Але калі б нават была прапанова вярнуцца сёння з абяцаннямі змяніць заканадаўства заўтра, кіраўніцтва ЕГУ наўрад ці б перанесла навучанне ў Мінск.

Наступнай чуткай пра лібералізацыю сталі размовы пра тое, нібыта будзе адноўлены выхад газеты “БДГ. Деловая газета”. Галоўны рэдактар выдання Пётр Марцаў пацвердзіў Еўрарадыё, што напярэдадні парламенцкіх выбараў адзін з адказных супрацоўнікаў Адміністрацыі прэзідэнта сапраўды цікавіўся ў яго, чаму газета не выходзіць.

Пётр Марцаў: “Адзін чыноўнік адміністрацыі, гэта была прыватная размова і я не магу называць імя і падстаўляць чалавека, пацікавіўся ў мяне, чаму я не выдаю газету. Я адказаў чаму. І ўсё, на гэтым усё завяршылася”.

На думку галоўнага рэдактара, гаварыць пра далейшую лібералізацыю можна толькі калі будуць рэальныя перамовы Еўропы і Беларусі.

Пётр Марцаў: “Усё гэта тэарэтычна магчыма толькі ў тым выпадку, калі рэальна адбудуцца нейкія перамовы паміж Еўрасаюзам і Беларуссю. І будуць знойдзены нейкія сумесныя пазіцыі і выпрацаваны план дзеянняў па збліжэнню Еўрасаюза і Беларусі. Ва ўсіх астатніх выпадках я не бачу, навошта ўладам даваць магчымасць “БДГ” выходзіць альбо пераносіць ЕГУ ў Мінск. Размова са мной чыноўніка летам былі не больш як зандаваннем глебы, якое звязанае з перадвыбарным перыядам”.

Не верыць у магчымую адлігу і галоўны рэдактар “Народнай волі” Іосіф Сярэдзіч.

Іосіф Сярэдзіч: “Яшчэ два гады таму Аляксандр Рыгоравіч на прэс-канферэнцыі сказаў:”А што, я супраць таго, каб ты друкаваўся ў Мінску? Друкуйся, калі ласка”. Я накіраваў 3 верасня ліст у Адміністрацыю прэзідэнта, нагадаў пра гэта. Цягам месяца мне павінны былі даць адказ, але я яго не атрымаў. Таму сам пазваніў у прыёмную Янчэўскага. Сакратарка ператэлефанавала мне сама і перадала адказ: Янчэўскі нібыта абяцаў цягам двух тыдняў са мной звязацца. Прайшло ўжо тры тыдні і ні гу-гу. Вось і адказ на пытанне пра адлігу”.

Тым часам «Белпошта» зноў адмовіла ўнесці ў падпісны каталог выданні «Народная воля», «Наша Ніва», «СНплюс. Свободные новости плюс», «Товарищ», «Борисовские новости», «Витебский курьер-М», «Вольнае Глыбокае», «Газета Слонімская», «Ганцавіцкі час» і «Intex-press» (Баранавічы).

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі