Настаўнік з Мёраў Вітальд Ермалёнак стварыў чатыры школьныя музеі (фота)

Вітальд Ермалёнак, настаўнік з Мёраў, што на Віцебшчыне, захапіўся краязнаўствам яшчэ ў дзяцінстве. Пасля заканчэння на выдатна гістфака Гродзенскага ўніверсітэта яму прапаноўвалі ехаць вучыцца далей у Маскву, але ён выбраў працу на радзіме.

Амаль сорак гадоў Ермалёнак адпрацаваў у Мёрах, спачатку ў першай школе, потым у трэцяй. У апошняй ён і стварыў у 1986 годзе свой першы краязнаўчы музей. Да гэтага часу ўжо сабрана больш за 25 тысяч экспанатаў. Там прадстаўлены знаходкі ад сівой даўніны да нашых дзён. Mесца на ўсё не хапала, таму Вітальд Ермалёнак вырашыў пашырацца — стварыў музей кнігі і друку. Зараз заканчваецца афармленне музея адукацыі.

Гаворыць спадар Вітальд: “Краязнаўства і гісторыя робіць чалавека свядомым. Недарэмна пры Сталіне каго найперш знішчылі? Краязнаўцаў. Разграмілі краязнаўчае таварыства, зачынілі часопіс, а потым і фізічна знішчылі. І ва ўсе часы краязнаўства было такім, таму што яно паказвае на мясцовым матэрыяле тое, што было на самай справе. А гэта не заўсёды супадае з палітычным курсам краіны. Ніколі не супадала, можна сказаць, ні ў савецкія часы, ну і не заўсёды зараз”.

Па словах Вітальда Ермалёнка, сучасныя дзеці ўжо не ведаюць, для чаго прызначаліся тыя ці іншыя прылады працы, якія былі звыклымі для яго пакалення. Таму разам з сынам, які, дарэчы, таксама працуе настаўнікам гісторыі ў гэтай школе, яны перавезлі з вёскі старую хату і пачалі ствараць этнаграфічны музей. У ім будзе тры пакоі, дзе прадставяць быт ХІХ стагоддзя, 30-х і 50-х гадоў ХХ стагоддзя.

Настаўнік ганарыцца сваімі былымі вучнямі, сярод якіх — ксяндзы Юрый і Вячаслаў Баркі, грамадскія актывісты Мікалай Дземідзенка і Уладзімір Яроменак. Вось што гаворыць адзін з былых вучняў Вітальда Ермалёнка, а зараз студэнт гістфака БДУ Ігар Кандратовіч:

“Менавіта таму, што я хадзіў на гурток, я пачаў размаўляць па-беларуску. У мяне быў увесь асяродак расейскамоўны. І ў сям’і ў мяне па-расейску размаўлялі, і ў школе сябры і знаёмыя. А там мы размаўлялі толькі па-беларуску і, дзякуючы гэтаму, я і пачаў гаварыць па-беларуску. Цяпер я толькі так і размаўляю з усімі і ўвесь час амаль што”.

Вітальд Ермалёнак стварыў краязнаўчы гурток “Арганаўты мінулага”, дзе вучні ходзяць у вандроўкі, шукаюць старажытныя рэчы, вучацца любіць родны край.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі